- Палякі дрэнна ацэньваюць свой урад
- 30.04.2003
Палякі выключна нізка ацэньваюць установы сваёй дэмакратычнай дзяржавы. Станоўчыя ацэнкі працы Сэйму не перавышаюць12%. Тое самае датычыцца ўраду. Такога дрэннага меркаваньня пра палітыкаў, якое назіраем сёньнья, не было ад 1989 году. Толькі 4% апытаных 29 красавіка Інстытутам Грамадзкіх Справаў уважаюць, што польскія дзяржаўныя ўстановы клапоцяцца перш за ўсё пра інтарэсы грамадзянаў, а 89% дасьледаваных лічаць, што пераймаюцца яны выключна інтарэсамі ўрадавых і чыноўніцкіх колаў. Толькі 7% грамадзянаў уважаюць, што польскія ўстановы дзейнічаюць спраўна, а 80% цьвердзяць, што дрэнна. Апрача гэтага палякі лічаць іх скарумпаванымі – толькі 8% апытаных ацэньваюць іхную дзейнасьць як добрасумленную, а 78% перакананыя ў тым, што прасякнутыя яны карупцыяй.
Вынік гэтага апытаньня ў вельмі адмоўным сьвятле прадстаўляе польскія ўстановы. Пры гэтым адлюстроўвае таксама сёньняшні грамадзкі клімат у Польшчы. На гэтае апытаньнье варта зьвярнуць увагу ня толькі таму, што адлюстроўвае ён настрой свайго роду адчаю, але таксама таму, што апытаныя адначасова ацэньвалі й эўразьвязаўскія ўстановы. І аказалася, што, нягледзячы, на агрэсіўную антызьвязаўскую прапаганду праціўнікаў інтэграцыі, нягледзячы на палоханьне брусэльскай бюракратыяй, бессэнсоўнымі патрабаваньнямі Эўракамісіі, установы Эўразьвязу ўсё роўна ацэньваюцца лепш за польскія. Палова апытаных уважае, што дзейнічаюць яны хутка й добрасумленна, 66% лічыць, што займаюцца важнымі праблемамі (тым часам у гэтай катэгорыі польскія ўстановы выпадаюць вельмі дрэнна: толькі 20% апытаных уважаюць, што займаюцца яны важнымі справамі). Рашуча лепш установы Эўразьвязу ацэньваюцца таксама ў катэгорыі дбайнасьці пра інтарэсы грамадзянаў – такі погляд характэрны амаль 40% апытаных.
Усё гэта значыць, што, нягледзячы на дрэнныя грамадзкія настроі, інтэграцыя не ўяўляецца палякам як нешта выключна непрыязнае. Можна нават сказаць, што іх стаўленьне да ўстановаў Эўразьвязу адкрытае. Выглядае на тое, што Эўрапэйскі Зьвяз уяўляецца грамадзянам Польшчы як тая супольнасьць, якая пачне таксама ад нас саміх патрабаваць лепшай працы й большага клопату пра звычайных людзей. Вынікі апытаньня зьяўляюцца свайго роду паказьнікам: меркаваньнем 48% рэспандэнтаў, уступленьне Польшчы ў Эўразьвяз карысна адаб’ецца на працы Сэйму ды самакіраваньняў, а на думку амаль 55% апытаных, прычыніцца гэта да лепшай працы ўраду, дзяржаўнай адміністрацыі ды судоў. З гэтага вынікае, што палякі глядзяць на Эўразьвяз як на магчымасьць цывілізацыйнага прагрэсу, паляпшэньне эканамічнай сытуацыі краіны ды паляпшэньне дзейнасьцьі ўстановаў польскай дзяржавы. На дадатак парадкаваньне пасьля інтэграцыі ладу ўстановаў у Польшчы для многіх апытаных зьяўляецца аргумэнтам, каб падчас рэфэрэндуму сказаць „так” уступленьню Польшчы ў Эўразьвяз. Сярод многіх боязяў за рэзультат рэфрэндуму паяўляецца сьвятло – вынік апошняга апытаньня Інстытуту Грамадзкіх Справаў абуджае спадзяваньні на тое, што - разам з пашырэньнем ведаў у польскім грамадзтве пра Эўрапэйскі Зьвяз - гэтая супольнасьць пачне ўяўляцца значна больш блізкай.
Яніна Парадоўска