• Блізкая гісторыя: Распад СССР
  • Audio0 KB
  • 29.10.2006
Напрыканцы 80-х гадоў у СССР абвастрылася пытаньне нацыянальных адносінаў. Разам з незайздроным сацыяльна-эканамічным становішчам і палітычным крызысам нацыянальнае пытаньне значна паскорыла працэс незадаволенасьці грамадзянаў краіны дзяржаўнай палітыкай.

Паміж Армэніяй і Азэрбайджанам паўсталі супярэчнасьці вакол Нагорнага Карабаху, якія сталі прычынай працяглай вайны. У тым жа часе адбываліся ўзброенныя сутыкненьні паміж узбэкамі й туркамі-мэсхэцінцамі, а ў Кіргізіі паміж карэннымі жыхарамі й прыежджым насельніцтвам. Абвастрыліся адносіны паміж Грузіяй і Абхазіяй, у цяжкой сытуацыі апынулася расейскамоўнае насельніцтва Прыбалтыкі й Малдовы.

Першыя масавыя беспарадкі ў часе перабудовы выбухнулі ў Казахстане. У сьнежні 1986 году ў Алма-Аце распачаліся хваляваньні, выкліканыя зьменаю мясцовага першага сакратара партыі Дынмагамэда Кунаева расейцам Калбіным. Падчас акцыі пратэсту студэнты зьнішчылі савецкія сымбалі й бюст Брэжнева. У выніку загінулі 9 дэманстрантаў, а сотні атрымалі раненьні.

9 красавіка 1989 году на вуліцы Тбілісі выйшлі сотні тысяч чалавек. Дэманстрацыя была мірнай, аднак п'яныя савецкія жаўнеры білі ўдзельнікаў мерапрыемства сапёрнымі лапаткамі. У выніку загінулі 19 асобаў, а 200 чалавек атрымалі сур'ёзныя раненьні. Улады прызналі, што падчас супрацьстаяньня ў Тбілісі былі сьмяротныя ахвяры. Падобныя сутыкненьні адбываліся ледзь не ва ўсіх рэспубліках саюзу. Відавочна, што грамадзяне краінаў, дзе ў выніку акцыяў пратэсту былі зафіксаваныя сьмяротныя ахвяры, дамагаліся пакараньня вінаватых. За пэрыяд ад 1988 да 1989 году ў Армэніі, Азэрбайджане, Грузіі, Узбэкістане, Казахстане й Таджыкістане было забіта 200 чалавек, а звыш 2 000 было параненых. Каля 250 тыс. чалавек засталіся бяздомнымі ўцекачамі.

Працэс ужо немагчыма было спыніць. Першымі пра свой выхад са складу Савецкага Саюзу заявілі прыбалтыйскія рэспублікі. У 1988 годзе сваю аўтаномію задэкляравала Эстонія, а ў сакавіку 1990 году летувіскі парлямэнт абвесьціў дзяржаўную незалежнасьць.

Да таго ж эпахальныя палітычныя пераўтварэньні адбываліся ў Цэнтральнай Эўропе. У 1989 годзе ў выніку свабодных выбараў у Польскай Народнай Рэспубліцы ўлада ў краіне перайшла ў рукі прафсаюзнага руху „Салідарнасьць”. У Нямеччыне быў разбураны Бэрлінскі мур, які быў сымбалем падзелу краіны. У лістападзе 1989 году адбылася „аксамітная рэвалюцыя” ў Чэхаславаччыне.

У Беларусі, дзе нефармальныя студэнцкія суполкі існавалі ўжо з канца 70-х гадоў, працэс аб'яднаньня ў адну антысавецкую сілу пачаўся напрыканцы 80-х. Нефармальныя аб'яднаньні „Талака”, „Майстроўня”, „Тутэйшыя” паўставалі як культурніцкія суполкі, але абсяг іх зацікаўленьня з часам пашыраўся. Распавядае адзін з чальцоў тагачасных нефармальных суполак у Менску Сяргей Дубавец.

С. Дубавец: Напрыканцы 70-х гадоў у Менску зьявілася Беларуская сьпеўна-драматычная майстроўня. Яе ініцыявалі Вінцук Вячорка, які навучаўся на філялягічным факультэце БДУ, яго аднакурсьнік Сяргей Запрудскі й Сяржук Сокалаў-Воюш. Яны кантактаваліся са студэнтамі колішняга Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту, запрасілі да сябе кампазытара Ларысу Сімаковіч, якая вучыла студэнтаў сьпяваць беларускія народныя песьні, зь якімі яны на Каляды вырашылі выйсьці на вуліцы Менску. Іх затрымлівала міліцыя, праўда, ня так брутальна, як цяпер. Гэтае кола расло, прыходзілі новыя людзі. Мы сьпявалі песьні, рабілі тэатральныя пастаноўкі, але ў кулюарах усе размаўлялі на палітычныя тэмы, пра праўдзівую гісторыю. Лучыла людзей найперш беларуская мова, бо ўсе гаварылі па-беларуску, што на той час у Менску было вялізнай рэдкасьцю, не параўнаць зь сёньняшнім часам.

Важнай падзеяй, якая прывяла да кансалідацыі ўсіх беларускіх сілаў, стала публікацыя ў 1988 г. у газэце „Літаратура і Мастацтва” артыкулу Зянона Пазьняка й Яўгена Шмыгалёва „Курапаты –дарога сьмерці”. У артыкуле аўтары распавялі пра масавыя пахаваньні ва ўрочышчы Курапаты, дзе ў 1937-1941 годзе бальшавікі закатавалі звыш 200 тыс. беларусаў і прадстаўнікоў іншых народаў, насельнікаў Савецкай Беларусі. Зьяўленьне публікацыі Пазьняка й Шмыгалёва выклікала шырокія дэбаты пра спадчыну Савецкага Саюзу на беларускіх землях. Людзі даведаліся пра савецкі тэрор і патрабавалі пакараньня вінаватых. Рада Міністраў БССР утварыла ўрадавую камісію па рассьледаваньні месца масавага расстрэлу ў Курапатах. 19 кастрычніка1988 адбываецца ўстаноўчы сход Беларускага гістарычна-асьветнага таварыства памяці ахвяраў сталінізму «Мартыралёг Беларусі», на якім Зянон Пазьняк прапануе стварыць аргкамітэт Беларускага народнага фронту „Адраджэньне”. Паўгоду пазьней у Вільні адбыўся ўстаноўчы сход БНФ, на які сабралося 400 дэлегатаў. Старшынём руху быў абраны Зянон Пазьняк.

У 1989 годзе ў Беларусі адбыліся першыя адносна дэмакратычныя выбары ў парлямэнт, куды трапілі й кандыдаты, падтрыманыя БНФ. Напярэдадні спыненьня сваіх паўнамоцтваў Вярхоўны Савет 11-га скліканьня прыняў «Закон аб мовах», які гарантаваў дзяржаўнасьць беларускай мове. У 1990 г. адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет 12-га скліканьня, куды ўвайшлі прадстаўнікі БНФ на чале зь Зянонам Пазьняком. Негледзячы на тое, што апазыцыя Народнага Фронту складала парлямэнцкую меншасьць, усё ж дэпутатам удавалася ініцыяваць і зацьвердзіць вырашальныя для дзяржавы законапраекты. 27 ліпеня была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР, аднак усё яшчэ ў складзе СССР. Наданьне акту канстытуцыйнай моцы Дэклярацыі прайшло 24 жніўня 1991 году пад націскам дэпутатаў БНФ. Аднак за 5 дзён да гэтага ў Маскве адбылася спроба дзяржаўнага перавароту, ініцыятырам якога выступіў гэтак званы Дзяржаўны камітэт па надзвычайнаму становішчу /больш вядомы як ГКЧП/, які жадаў аднаўленьня старога парадку. ЦК КПБ падтрымаў імкненьні путчыстаў, але ўжо праз два дні пераварот пацярпеў паразу, а 24 жніўня Дэклярацыя аб сувэрэнітэце была ратыфікаваная беларускім парлямэнтам. Фактычна Савецкі Саюз ужо не існаваў, але апошнюю кропку на савецкай імпэрыі паставілі гэтак званыя Белавескія пагадненьні. 8 сьнежня 1991 году ў Віскулях у Белавескай пушчы Станіславам Шушкевічам, Барысам Ельцынам ды Леанідам Краўчуком была падпісаная дэклярацыя, у якой канстатавалася спыненьне існаваньня СССР і ўтварэньня на яго мецы Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў.

Тагачасны кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч, які зьяўляўся суаўтарам дакумэнту, кажа, што падпісаньне пагадненьня было канчатковым прызнаньнем распаду СССР.

С. Шушкевіч: Распад Савецкага Саюзу адбыўся практычна адразу пасьля ГКЧП, пасьля жнівеньскага путчу. Далейшыя загады Гарбачова ўжо не змаглі захаваць саюз. Бо Гарбачоў і сам хацеў стварыць структуру, дзе быў бы саюз, а ён меў бы пасаду замест усяго Палітбюро ЦК КПСС. Распад адбыўся значна раней, а мы проста мелі мужнасьць гэта канстатаваць, бо практычна ніхто не рашаўся сказаць, што гэта адбылося.

Гісторык Уладзімер Арлоў кажа, што распад Савецкага Саюзу стаў магчымым у выніку ўнутраных прычынаў, такіх як вайна ў Афганістане ды чарнобыльская катастрофа.

У. Арлоў: Сам гістарычны працэс сьведчыць, што ўсе імпэрыі, як бы яны закамуфлявана не называліся, асуджаныя на распад. Савецкі Саюз таксама быў прыгавораны да зьнікненьня ў выніку найперш унутраных прычынаў. Сярод гэтых прычынаў вялікую ролю, на маю думку, адыгрывалі загнаныя ў падпольле, але да канца ня зьнішчаныя нацыянальныя рухі. Чыньнікамі, якія паскорылі распад СССР, безумоўна, былі: афганская авантура, чарнобыльская катастрофа, а таксама зьяўленьне на палітычнай арэне такой асобы як Міхаіл Гарбачоў. Ён зусім не зьбіраўся быць далакопам СССР, наадварот - зьбіраўся ўмацаваць яго, але распачатая ім спроба рэформаў стала пачаткам канца.

Уладзімер Арлоў лічыць асобу Зянона Пазняка й Беларускага Народнага Фронту вырашальнымі ў працэсе станаўленьня незалежнай Беларусі.

У. Арлоў: Я думаю, што Беларусь павінна быць удзячна, што Бог паслаў ёй у той час Зянона Пазьняка, надзеленага надзвычайнай аўрай і здольнасьцямі палітыка. У той час менавіта асоба Зянона і ўзначаленая ім структура Беларускі Народны Фронт сталі тым стрыжнем, вакол якога аб'ядналіся ўсе антысавецкія сілы. Потым, калі адбылася структурызацыя ў палітычным жыцьці, калі пачалі ўтварацца іншыя партыі, роля Зянона Пазьняка, безумоўна, зьмянілася. Але ён і Народны Фронт адыгралі выключную ролю ў тыя часы. Дастаткова сказаць, што колькасна невялікая апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня стала аўтарам ключавых законапраектаў, якія вярнулі на палітычную мапу сьвету краіну пад назвай Рэспубліка Беларусь.

Распад Савецкага Саюзу, вядома, ня быў выключна гістарычнай наканаванасьцю. Сёньня часта можна пачуць, што беларусы атрымалі незалежнасьць у выніку глябальных пераўтварэньняў. Аднак ці адбыліся б такія зьмены, каб не было беларускага антыкамуністычная руху, бяз праўды пра Курапаты, Чарнобыль ды сотні іншых злачынстваў савецкага рэжыму?

Тэмай наступнай перадачы, якая прагучыць у нядзелю, 5-га лістапада, будзе гісторыя паўстаньня беларускага парлямэнтарызму й адміністрацыі незалежнай Беларусі.

Дзьмітры Гурневіч

Фота: 19 жніўня 1991 года. Мітынг на плошчы перад Домам ураду.



(здымак з кнігі С. Навумчыка “Сем гадоў Адраджэньня”)