- Заўтра будзе вынесены прысуд для Дашкевіча
- Audio0 KB
- 31.10.2006
Сёньня ў менскім Доме правасудьдзя на вул. Сямашкі 33 працягваўся судовы працэс “маладафронтаўца” Зьмітра Дашкевіча, якога ўлады хочуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванй арганізацыі. Падчас сёньняшняга паседжаньня слухаліся сьведкі судовай справы.
На 17.00 гадзіну па менскім часе ля будынку Кастрычніцкага суду знаходзілася больш за 50 чалавек, якія прыйшлі, каб выказаць салідарнасьць зь лідэрам “Маладога Фронту” Зьмітром Дашкевічам. Акцыя трывае да гэтай пары. Моладзь трымае ў руках партрэты Зьмітра, запаленыя сьвечкі ды скандуе патрабаваньне “Свабоду Дашкевічу”. Напярэдадні распачацьця судовага паседжаньня прыбылыя падтрымаць Дашкевіча выстраіліся ў кшталце двух літараў МФ – Малады Фронт.
Рапсавядае адна з удзельніц акцыі Наста Палажанка.
Н. Палажанка: Зранку каля будынку сабралося каля 200 чалавек, хаця большасьць зь іх - гэта сябры "Маладога Фронту". Было некалькі затрыманьняў, але пазьней гэтых людзей выпускалі. Вельмі холадна, але трымаемся. Выходзяць першыя сьведкі й кажуць, што пытаньні былі стандартныя, як на допыце. Кажуць, што Дзіма трымаецца добра, усім усьміхаецца, а гэта ня можа ня радаваць.
Моладзевая актывістка зьвяртае ўвагу, што на сёньняшнюю акцыю не прыйшоў ніводны з беларускіх палітыкаў.
Н. Палажанка: Зь вядомых людзей, на жаль, нікога не было. Такое ўражаньне, што калі ўчора была тэлевізія, замежныя дыпляматы, то ўсе былі. Таму адчуваецца, што салідарнасьць у Беларусі не на такім узроўні, як бы хацелася.
Зранку моладзь прыйшла падтрымаць жонка Аляксандра Мілінкевіча Іна Кулей, якая, між іншым, зьяўляецца старшынёй Камітэту ў абарону рэпрэсаваных. Іна Кулей прынесла моладзі гарбату, каву й гарачыя піражкі.
І. Кулей: Спадзявацца на тое, што Зьміцер будзе адпушчаны, думаю, няма як. Улада яшчэ ані разу не прызнавала сваю паразу. Калі ён трапіў пад суд, то нейкае пакараньне яму будзе вынесенае. Тое, што там знаходзіцца моладзь - гэта знак для ўладаў, што суд па-за законам, і пазьней ці раней улады будуць за гэта адказваць.
Удзень былі спробы затрымаць некалькіх актывістаў “Маладога Фронту”, якія прыйшлі да будынку суду. Аднак хлопцам удалося своечасова ўцячы.
І. Шыла: Калі я з братам адыходзіў ад будынку ў часе перапынку, то АМАПАўцы хацелі нас затрымаць, аднак мы пасьпелі ўцячы. Пазьней затрымалі Зьмітра Хведарука, Яўгена Скрабатуна, якія пайшлі пагрэцца ў будынак суду. Аварыйным выхадам іх вывелі з будынку, завезьлі ў Маскоўскі РАУС, спісалі дадзеныя й адпусьцілі. Зараз яны тут.
Нагадаю, што Зьмітра Дашкевіча абвінавачваюць у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі, за што, згодна зь беларускім заканадаўствам, пагражае да двух гадоў турэмнага зьняволеньня. Між тым, як стала вядома, заўтра а 16.00 па справе Зьмітра Дашкевіча будзе вынесены прысуд.
Дзьмітры Гурневіч