• Як дысцыплінаваць вучняў?
  • 02.11.2006
Пасьля трагічных падзеяў у Гданьску, дзе вучаніца павесілася пасьля таго, як калегі зьдзекваліся зь яе на вачах усяе клясы, у Польшчы праходзіць дыскусія пра бясьпеку ў школах. Палякі, паводле апытаньняў грамадзкай думкі, выказваюцца за тое, каб у школах была ўведзеная больш суровая дысцыпліна, а маладыя хуліганы атрымлівалі жорсткія пакараньні.

На гэтую тэму Радыё Палёнія гутарыла з псыхолягам прафэсарам Янушам Чапіньскім. Можа пачнем нашыя разважаньні ад таго, што палякі ў сваёй пераважнай большасьці згаджаюцца зь меркаваньнем міністра адукацыі Рамана Гертыха, які заявіў пра ўвядзеньне ў школе праграмы "Нуль талерантнасьці", адзін з элемэнтаў якой - аддзяленьне агрэсіўнай моладзі ад іншых вучняў. Як паказваюць апытаньні, больш за 70% палякаў жадае, каб "складаная" моладзь вучылася асобна ад астатніх вучняў.

Я.Чапіньскі:
Я нават мяркую, што сярод гэтых 70% ня ўсе зьяўляюцца бацькамі, а сярод бяцькоў без сумненьня нават больш людзей хоча, каб іх дзеці вучыліся асобна ад хуліганаў. Той, хто выклікае канфліктныя сытуацыі ў школе, б'е калегаў, хаміць настаўнікам, пазьней можа стаць сапраўдным злачынцам. Таму мяне гэтыя вынікі апытаньняў зусім не зьдзіўляюць. Толькі адразу ўзьнікае пытаньне - а што з гэтай "складанай" моладзьдзю станецца ў будучыні? Калі мы яе на пачатку жыцьця так запраграмуем - выкінем са школы, перавядзем у нейкую спэцшколу, то яна ж калісьці выйдзе з гэтых зачыненых школ і пачне сябе паводзіць яшчэ больш агрэсіўна, чым у школе. Так што, карацей кажучы, я магу быць спакойным за маіх дзяцей, якіх аддзеляць ад хуліганаў, але празь некалькі гадоў мая бясьпека апынецца пад пагрозай, бо гэтыя ж самыя хуліганы будуць хадзіць па тых жа вуліцах, што я й мае дзеці. Але, зь іншага боку, я згаджаюся з тым, што трэба дысцыплінаваць вучняў. Увогуле ў польскім грамадзтве назіраецца нейкая распаясанасьць - мала хто з маладых пераймаецца тым, што гавораць старэйшыя людзі.

І таму мы хацелі б сурова караць падлеткаў, якія зьдзяйсьняюць злачынствы, уводзіць жорсткія выхаваўчыя мэтады для агрэсіўных вучняў і ўзмоцніць дысцыпліну ў школе. Ці гэта добры напрамак зьменаў?

Я.Чапіньскі:
Тут у мяне таксама ўзьнікаюць заўвагі, паколькі дысцыпліна - гэта ня тое самае, што ўвядзеньне суровых пакараньняў для гэтых нясьпелых маладых людзей, якія практычна яшчэ дзеці. У гэтым узросьце - 14-15 гадоў - усё зьмяняецца як у калейдаскопе. Гэта вельмі складаны ўзрост - ужо не дзяцінства, але яшчэ не даросласьць. Але я б інакш спрабаваў дасцыплінаваць вучняў - заахвочваць бацькоў, каб яны ўзялі на сябе за іх адказнасьць. Дарэчы, праблема агрэсіі ў школе - гэта адна з праблем сучаснай Польшчы, а другая, важная праблема - гэта сям'я. Часта бацькі ўвогуле не рэагуюць, калі настаўнікі паведамляюць, што іх сын альбо дачка дрэнна сябе паводзяць. А калі бацькі не адчуваюць адказнасьці за сваіх дзяцей, то дзеці мяркуюць, што ім усё можна. Так што я прапаную не прымаць хуткіх радыкальных рашэньняў, а правесьці агульнанацыянальныя дэбаты над тым, што зрабіць з такой моладзьдзю. Дарэчы, міністар адукацыі гэта й прапануе. Тут нельга дзейнічаць хаатычна, непрадумана, палітыкі не павінны на гэтай хвалі высоўваць свае ўсё больш радыкальныя прапановы.

А ці, на вашую думку, такой радыкальнай прапановай зьяўляецца ідэя, каб падзяліць гімназіі на жаночыя й мужчынскія?

Я.Чапіньскі:
Для мясцовага самакіраваньня агромнай праблемай стаў падзел пачатковай і сярэдняй школы на пачатковую, гімназіі й ліцэі. А трэба згадаць, што гімназіі павінны знаходзіцца ў асобных будынках. Але часта здараецца так, што гімназія знаходзіцца ў тым жа будынку, дзе й пачатковая школа, альбо ліцэй. Так што мэта, якая ставілася перад стварэньнем гімназіяў - каб аддзяліць малых дзяцей ад падлеткаў - была дасягнута толькі часткова. А цяпер уявіце сабе, што мясцовыя ўлады атрымліваюць загад павялічыць колькасьць гімназіяў удвая. Я сабе не ўяўляю, што ў малой мясцовасьці, дзе ёсьць толькі некалькі сотняў вучняў, магчыма было б аддзяліць хлопцаў ад дзяўчынак. Трэба было б знайсьці яшчэ адзін будынак. А калі й жаночая, і мужчынская гімназіі будуць у адным і тым жа будынку, то мы ня вырашым праблемы.

Натальля Грышкевіч