• Ці галадоўка - гэта эфэктыўны спосаб пратэсту?
  • 03.11.2006
Галадоўка апошнім часам стала папулярным мэтадам барацьбы за свае правы. Галадае былы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін і палітычны дзеяч Алег Скрабец. Адна з найдаўжэйшых галадовак праходзіць у Бабруйску, дзе актывістка Беларускага незалежнага прафсаюзу й працаўнічка прадпрыемства "Белшына" Алена Захожая галадае амаль цэлы месяц. Некалькі дзён таму галадоўку прыпынілі вернікі царквы „Новае жыцьцё”.

Ці галадоўка гэта эфэктыўны спосаб адстойваньня сваіх правоў? Праваабаронца Валянцін Стэфановіч кажа, што прыклад царквы "Новае жыцьцё" паказвае, што ў некаторых безвыходных сытуацыях галадоўка прыносіць свае эфэкты.

В. Стэфановіч: Прыклад царквы "Новае жыцьцё" паказаў, што ў пэўных сытуацыях гэта эфэктыўны сродак. Вернікі дамагліся, што да іх акцыі была прыцягнута ўвага. У некаторых крытычных момантах гэта адзіны дзейсны сродак. Такая колькасьць галадовак у краіне паказвае, што людзі ня бачаць іншых шляхоў вырашэньня праблемаў. Раней такіх масавых і такіх частых галадовак у краіне не было. Гэта адметнасьць апошніх двух гадоў. Прычым сёньня адстойваюцца неабавязкова палітычныя правы.

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч, які галадаў у падтрымку пратэстнацкай царквы, кажа, што такая радыкальная форма пратэсту павінна мець канкрэтную мэту. Толькі тады можна чакаць станоўчых вынікаў.

У. Мацкевіч: Чым больш у краіне замацоўваецца дыктатарская ўлада, чым больш яна кантралюе ўсе галіны жыцьця, тым менш застаецца магчымасьцяў для праяўленьня грамадзкай актыўнасьці. Калі прыціснутыя з усіх бакоў грамадзяне радыкалізуюцца – гэта натуральная зьява. Радыкалізацыя праяўляецца ў тым, што для адстойваньня сваіх правоў грамадзяне выбіраюць самыя радыкальныя мэтады, напрыклад, галадоўку. Менавіта ў такой сытуацыі знаходзіцца беларускае грамадзтва.

Пытаньне пра эфэктыўнасьць такіх мэтадаў больш складанае. Кожны сродак, у гэтым ліку й галадоўка, павінен адпавядаць мэце, якую ставяць удзельнікі акцыі. На жаль, спантанныя акцыі не заўсёды зьяўляюцца прадуманымі й мэтазгоднымі. Узгадненьне мэтаў, правільныя паводзіны падчас акцыі гарантуюць посьпех. Калі галадоўка ня мае станоўчага выніку, гэта значыць, што альбо яна дрэнна праведзеная, альбо дрэнна вызначаныя мэты.

Большая частка галадовак, якія праводзіліся сёлета ў пераважнай большасьці непрадуманныя, напрыклад, акцыя Аляксандра Казуліна. Выдвінутыя ім патрабаваньні не адпавядаюць мэце, якую можна дасягнуць. Акцыя – гэта маленечкая бітва ў вайне. У бітвы свая мэта, у вайны свая. У бітвы свая перамога, у вайны свая. З маленькіх перамогаў можа вынікаць вялікая, але ня трэба іх блытаць.


Вячаслаў Сіўчык з руху „Беларуская салідарнасьць „Разам” каля 10 гадоў таму таксама прымаў удзел у галадоўцы. Ён кажа, што галадоўка заўсёды мае сэнс. А дзякуючы ёй зьмяняецца ня толькі грамадзтва, але й сам чалавек.

В. Сіўчык: Сэнс галадоўкі ёсьць заўсёды. Калі чалавек пакутуе, то ён усё роўна робіцца лепшы. Іншая справа, што ў Беларусі адсутнічаюць каналы інфармацыі, грамадзкасьць пра розныя акцыі проста нічога ня ведае. Галадоўка мае сэнс, калі ў яе ёсьць канкрэтная мэта. Нашая нацыя ў такім стане, што нічога не застаецца, як толькі ісьці на радыкальныя спосабы супраціву.

На колькі эфэктыўнымі акажуцца галадоўкі – пакажа час. Застаецца спадзявацца, што ні грамадзтва, ні ўлада не застануцца абыякавымі да лёсу людзей, якія вырашыліся на такі радыкальны крок.

Алена Пытэль