- "Верым. Можам. Пераможам" - кніга пра Плошчу
- Audio0 KB
- 16.11.2006
Кніга ўспамінаў і здымкаў пра сакавіцкія падзеі гэтага году выйшла ў Беластоку. „Верым. Можам. Пераможам” – менавіта так называецца выданьне, у якім зьмешчаная падрабязная кроніка падзеяў ад пачатку прэзыдэнцкай кампаніі ажно да разгону мітынгу ў Дзень Волі.
„Верым. Можам. Пераможам” – так гучаў выбарчы лёзунг кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандра Мілінкевіча. Падобным чынам называюцца тры разьдзелы кнігі ўспамінаў пра сакавіцкія падзеі.
Распавядае аўтар прадмовы да выданьня Алесь Бяляцкі:
Кніжка выйшла літаральна тыдзень таму. Гэты лёзунг даволі часта гучаў вясною гэтага году. Там зьмешчаныя ўспаміны людзей, якія знаходзіліся на плошчы альбо былі арыштаваныя. Ёсьць таксама матэрыялы журналістаў, дарэчы, ня толькі беларускіх. Шмат фотаздымкаў. Напрыканцы кніжкі зьмешчаная заява праваабварончага цэнтру „Вясна”, а таксама заўвагі й разважаньні праваабаронцаў, якія бралі ўдзел у абароне рэпрэсаваных гэтай вясною.
У разьдзеле „Верым” зьмешчаныя інтэрвію і ўспаміны ўдзельнікаў пратэстаў на плошчы. У частцы „Можам” – успаміны журналістаў, якія асьвятлялі падзеі й былі затрыманыя. Адной з такіх журналістак была Тацяна Сьнітко з „Нашай Нівы”.
Т. Сьнітко: Вельмі добра, што пра тыя падзеі пішуцца кнігі. Тыя падзеі – гэта гісторыя. Яна не павінна сысьці ў нябыт. Вельмі добра, што знайшліся людзі, якія нешта зрабілі па гарачых сьлядох, напісалі свае ўспаміны. Калі мы перастанем прыгадваць самі сабе пра гэта, то мы будзем жыць у застоі. Бо людзі прыстасоўваюцца да думкі, што нам яшчэ трэба ўсё гэта трываць 5 гадоў, а то й болей. Магчыма, нам не хапала да перамогі зусім няшмат, бо мы бачылі толькі сваю частку, тое, што маглі.
У апошняй частцы кнігі „Пераможам” сабраныя камэнтары праваабаронцаў, якія, дарэчы, моцна прычыніліся да паўстаньня працы. Кнігу рэдагаваў пісьменьнік Барыс Пятровіч. Выданьне налічвае 200 старонак і набыць яго можна ў сядзібе партыі БНФ у Менску.
Дзьмітры Гурневіч