- "Не баюся й гатовы да ўсяго" - С. Скрабец
- Audio0 KB
- 16.11.2006
Былы дэпутат Нацыянальнага сходу Беларусі Сяргей Скрабец выйшаў на волю пасьля паўтарагадовага турэмнага зьняволеньня. Экс-дэпутат парлямэнцкай групы „Рэспубліка” быў асуджаны на 2.5 гады калёніі, але ў мінулым месяцы ён даведаўся, што трапляе пад амністыю.
Сяргей Скрабец быў прысуджаны да 2.5 гадоў турэмнага зьняволеньня за вымантачваньне крэдыту ад дзяржаўнага банку. Абвінавачаны сваёй віны не прызнаў, назваўшы судовы працэс палітычным. Пакараньне былы дэпутут адбываў у папраўчай калёніі „Віцьба-3”.
Трэба прыгадаць, што парлямэнцкая фракцыя „Рэспубліка”, у склад якой акрамя Скрабца ўваходзілі Ўладзімер Навасяд, Уладзімер Парфяновіч і Валеры Фралоў, была адзінай апазыцыйнай групай за 10-гадовую гісторыю існаваньня Нацыянальнага сходу Беларусі. Падчас сваёй дзейнасьці ў парлямэнце Скрабец неаднаразова выказваўся супраць трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі.
Неўзабаве пасьля вынясеньня прысуду “Міжнародная амністыя” абвесьціла Скрабца вязьнем сумленьня.
За час знаходжаньня ў вязьніцы Сяргей Скрабец схуднеў на 30 кіляграмаў, што сталася вынікам трох галадовак, якія палітвязень праводзіў за кратамі. Першая адбылася яшчэ падчас ягонага знаходжаньня ў Менскім СІЗА, у гэтак званай Валадарцы. Пазьней Скрабец галадаў у Берасьці, куды яго перавялі зь Менску. Апошні раз ён абвесьціў галадоўку ў знак салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным, зь якім, дарэчы, разам прабываў у віцебскай калёніі.
Нам удалося скантактавацца з самім Сяргеем Скрабцом. Зараз палітык выходзіць з галадоўкі, але, як заяўляе, пасьля стабілізацыі стану здароўя ён узновіць актыўнае палітычнае жыцьцё.
С. Скрабец: Я адчуваю сябе адносна добра: слабасьць, галавакружэньне. Зараз п'ю сокі, пазьней перайду на кашы, бо трэба столькі ж дзён выходзіць з галадоўкі, колькі яна сама трывала. Але я буду ўдзельнічаць у грамадзкім жыцьці, займацца палітыкай. Мой сябра Аляксандар Казулін у бядзе, і трэба яго ратаваць. Стан ягонага здароўя вельмі дрэнны. Калі ён распачынаў галадоўку, то ўжо быў вельмі худы. Я за яго вельмі хвалююся. Ён вельмі слабы.
А вы не баіцеся, што зноўку гісторыя можа паўтарыцца, і вас могуць у нечым абвінаваціць?
С. Скрабец: Не, не баюся. Я гатовы да ўсяго.
Прыгадаю, што Скрабец быў арыштаваны ў траўні 2005 году й асуджаны 14 лютага 2006 году. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, знаходзячыся за кратамі, Сяргей Скрабец абвесьціў пра ўдзел у выбарчай кампаніі, аднак пазьней зьняў сваю кандыдатуру на карысьць Аляксандра Казуліна.
Дзьмітры Гурневіч