• Галасы супраць правядзеньня Кангрэсу дэмсілаў
  • Audio0 KB
  • 22.11.2006
Правядзеньне Кангрэсу дэмакратычных сілаў і пытаньні, якія на ім павінны быць абмеркаваныя, ня раз выклікалі спрэчкі сярод апазыцыйных дзеячоў. Гэтым разам свой пратэст выказалі грамадзкія дзеячы Магілёўскай вобласьці, якія зьбіраюць подпісы за адмену правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў у бліжэйшым часе.

Грамадзкі дзеяч Алесь Чыгір кажа, што правядзеньне Кангрэсу зьяўляецца немэтазгодным з галоўным накірункам працы дэмсілаў. Ён баіцца, што Кангрэс не аб’яднае дэмакратычных дзеячоў, але наадварот - іх падзеліць.

А. Чыгір: Гэты ліст напісалі актывісты дэмакратычных сілаў, пераважна з рэгіёнаў, якія прымалі актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Гэта людзі, якія зьбіралі подпісы за адзінага кандыдата дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, тыя, хто выходзіў на Кастрычніцкую плошчу.

Мы выступаем ня супраць правядзеньня Кангрэсу, але просім паўстрымацца ад яго правядзеньня ў бліжэйшым годзе. Аргумэнтаў шмат. Самы просты такі: Лукашэнка праводзіць свае сходы раз у чатыры гады. А дэмакраты, якія яшчэ нават ня маюць улады, праводзяць сход кожны год. А што будзе далей?

Мы цяпер зьбіраем подпісы за нашых кандыдатаў у мясцовыя саветы. Мы бачым, што людзям Кангрэс не патрэбны. Людзі хочуць, каб ім патлумачылі, што іх чакае, як мы бачым будучыню краіны, што мы ім можам запрапанаваць. Я баюся, што на Кангрэсе гэтыя пытаньні ня будуць вырашыныя. Там можа пачацца спрэчка, зьвязаная з выбарам лідэра дэмсілаў. А ў выніку будзе раскол. Нам проста неабходная стратэгія працы на бліжэйшы год. А на такіх Кангрэсах стратэгія не распрацоўваецца. Без вырашэньня гэтых пытаньняў няма сэнсу праводзіць Кангрэс.


Пытаньне выбару новага лідэра падзяліла галоўныя апазыцыйныя сілы. Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што пойдзе на Кангрэсе толькі пры ўмове, што там будзе абраны лідэр. Адрознае меркаваньне мае, напрыклад, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Сам Алесь Чыгір лідэрам дэмакратычных сілаў лічыць Аляксандра Мілінкевіча.

А. Чыгір: Ён быў нашым сьцягам падчас выбарчай кампаніі. Зь яго партрэтам мы ішлі да людзей і казалі: "Вось наш лідэр, вось наш сьцяг". А я сьцягоў не мяняю, як бялізну. Сьцяг - гэта сьвятое, зь ім трэба ісьці да канца.

Моладзевая арганізацыя "Малады Фронт" падтрымала ідэю правядзеньня Кангрэсу й будзе ў ім удзельнічаць, сказаў прэс-сакратар арганізацыі Аляксей.

Аляксей: Кіруючыя ворганы "Маладога Фронту" падтрымалі ідэю правесьці Кангрэс. Мы зьбіраем подпісы па вылучэньню нашых прадстаўнікоў. На мінулым Кангрэсе моладзь адыграла вялікую ролю пры прыняцьці рашэньняў, у прыватнасьці, мы паўплывалі на выбар лідэра. Але, канешне, мы ня лічым Кангрэс галоўнаю мэтаю нашай працы. Галоўнае - дайсьці да грамадзянаў і расказаць ім пра сапраўдную сытуацыю ў краіне, пра перасьлед моладзі.

Маладафронтаўцы лічаць, што Кангрэс не адцягне ўвагі ад галоўнага - працы з грамадзтвам.

Палітычная рада дэмсілаў прыняла рашэньне аб тым, што Кангрэс павінен быць праведзены да 25 сакавіка. Але прэс-сакратар Аляксандра Мілінкевіча Павал Мажэйка падкрэсьліў, што існуюць дзьве адрозныя, вельмі моцныя ініцыятывы - "за" й "супраць" Кангрэсу. Паводле Паўла Мажэйкі, ня выключана, што ініцыятывы супраць Кангрэсу могуць паўплываць на яго правядзеньне.

П. Мажэйка: Гэта ініцыятыва актыўных грамадзкіх дзеячоў, ад якіх у рэгіёнах многае залежыць. Гэта магутная сіла. Да яе голаса лідэры палітычных партыяў ня могуць не прыслухоўвацца. Магчыма, што гэтая ініцыятыва паўплывае на рашэньне аб правядзеньні Кангрэсу.

Павал Мажэйка зазначыў, што подпісы супраць правядзеньня Кангрэсу зьбіраюцца ў цэлай Беларусі.

Алена Пытэль