- „Ці Лукашэнка выслухае гарадзенскіх каталікоў?”
- 25.11.2006
Цэнтрысцкая штодзёнка „Gazeta Wyborcza” зьмясьціла артыкул пад назовам „Ці Лукашэнка выслухае гарадзенскіх каталікоў?” Каб пабудаваць касьцёл у Горадні, вернікі павінны атрымаць згоду прэзыдэнта краіны. Каля 100 вернікаў з гарадзенскага прыходу Найсьвяцейшай Астрабрамскай Марыі Міласэрнасьці прыйшлі ўчора пад будынак мясцовых уладаў. Яны патрабавалі згоды на будову касьцёла. Цягам дзесяці гадоў з розных прычынаў улады блякуюць будову сьвятыні. Прыход быў зарэгістраваны ў студзені 1997 году, а на тэрыторыі, якая была прызначана для будовы касьцёла, стаіць невялічкая капліца. Прыход налічвае каля 8 тысячаў вернікаў. Прыхажане шмат разоў прасілі дазволіць будову, а апошні ліст да кіраўніка Гарадзенскай вобласьці Ўладзіміра Саўчанкі падпісалі 4 тысячы асобаў. Аднак улада не зарэагавала. Учора прыхаджане разам з ксяндзом настаяцелям Аляксандрам Шэмэтам прыйшлі пад будынак Аблвыканкаму, ля якога іх ужо чакала міліцыя й функцыянэры спэцслужбаў. Ксёндз Шэмэт заявіў, што людзі абураныя й рашуча настаўленыя змагацца за сьвятыню. Прыхаджане кажуць, што калі да 1 сьнежня ня будзе станоўчага рашэньня, то яны пачнуць галадоўку.
Да вернікаў выйшаў старшыня Рады па справах рэлігіяў Гарадзенскай вобласьці Ігар Папоў і запрасіў ксяндза разам з 25 вернікамі на сустрэчу з кіраўніком вобласьці Ўладзімірам Саўчанкам. Ксёндз Шэмэт расказвае, што Саўчанка быў грубы, між іншым, заявіў, што духоўныя займаюцца крадзяжом. Аднак на заканчэньне размовы Саўчанка паабяцаў, што дасьць згоду распачаць працу. Але, згодна з законам Аляксандра Лукашэнкі нумар 18 з 31 траўня 2005 году, у абласных гарадох будова касьцёла можа пачацца толькі пасьля асабістай згоды прэзыдэнта Рэспублікі.
Гэта ўжо другое ў гэтым месяцы сутыкненьне ўладаў з Каталіцкім касьцёлам на Гарадзеншчыне. У верасьні ўлады прынялі рашэньне выдаліць сем сьвятароў і пяць манашак - усе былі грамадзянамі Польшчы. Касьцёл двойчы беспасьпяхова зьвяртаўся да ўладаў з просьбаю адмяніць рашэньне. Першыя сьвятары вымушаныя пакінуць Беларусь ужо 10 сьняжня.