- Ці забароняць эстонцы афіцыйны беларускі сьцяг?
- 02.12.2006
Урад Эстоніі перадаў у парлямэнт краіны новы законапраект, які датычыць выкарыстаньня ў публічных месцах савецкай сымболікі. Згодна з папраўкамі ў Кодэкс аб пакараньнях, за парушэньне згаданага закону прадугледжваецца вялікі грашовы штраф, нават турэмнае зьняволеньне. Такім чынам эстонскія ўлады паставілі ў адзін шэраг нацысцкую й савецкую сымболікі.
Папраўкі ў эстонскі Кодэкс аб пакараньнях прадугледжваюць адказнасьць таксама й за выкарыстаньне сымболікі саюзных рэспублік былога СССР. Фактычна, пад забарону падпадае афіцыйны сьцяг Рэпублікі Беларусь, які неістотна быў зьменены напярэдадні рэфэрэндуму 1995 году. Пэўныя праблемы могуць узьнікнуць са сьцягамі Кітая ды Віетнаму, на якіх відаць пяціканцовыя зоркі, што таксама падпадае пад забарону. Новы закон, які забараняе выкарыстоўваць сымболіку “акупацыйных рэжымаў”, прадугледжвае грашовы штраф у памеры 4 тыс. даляраў альбо турэмнае зьняволеньне да трох гадоў. Каб закон пачаў дзейнічаць, неабходна, каб яго ўхваліў парлямэнт Эстоніі.
Неўзабаве пасьля абвяшчэньня новага законапраекту зьявіліся галасы, пераважна ў Расеі, пра ягоную неадназначнасьць. Расейскае МЗС назвала рашэньне ўраду Эстоніі правакацыяй, накіраванай на пагаршэньне двухбаковых адносінаў.
Беларускі бок справу пакуль не камэнтуе, хаця да гэтага часу няясна, ці новы закон будзе абмяжоўваць выкарыстаньне дзяржаўнага сьцягу Беларусі, які нязначна быў зьменены ў 1995 годзе.
Генэральны консул Рэспублікі Беларусь у Эстоніі Аляксандар Астроўскі кажа, што сучасны сьцяг Рэспублікі Беларусь значна адрозьніваецца ад савецкай вэрсіі, і няма падставаў казаць пра адказнасьць за яго выкарыстаньне.
А. Астроўскі: Пра дэталі гэтай пастановы мне пакуль нічога невядома. Па-першае, гэта пакуль што рашэньне ўраду Эстоніі, і яно мае быць ратыфікавана парлямэнтам краіны. Мне яшчэ дакладна невядома, як гэта будзе рэалізоўвацца. Што датычыць беларускага сьцягу, то гэта не на 100% паўтор савецкага ўзору. Там ёсьць вельмі важныя адрозьненьні, і мне здаецца, што аніякіх праблемаў не павінна быць.
У Міністэрстве юстыцыі Эстоніі патлумачылі, што закон датычыць не канкрэтна ўжываньня сымболікі, але дзеяньняў, якія суправаджаюць выкарыстаньне савецкай ды нацысцкай сымболікі ў грамадзкіх месцах.
Гаворыць прэс-сакратар Міністэрства юстыцыі Март Сіліваск.
М. Сіліваск: Эстонскі ўрад ня будзе забараняць гэтых сьцягоў, адзнакаў ці гербаў. Будзе карацца выключна іх выкарыстаньне. Калі вы маеце нацысцкі сьцяг на вашай вопратцы, то гэта не зьяўляецца парушэньнем. Але калі вы будзеце прыніжаць эстонскі народ, крычаць лёзунгі, то за гэта вы, бясспэрчна, павінны адказваць. Што датычыць афіцыйнага сьцягу РБ, напрыклад, каля будынку Генэральнага консульства ў Таліне, то гэта не зьяўляецца парушэньнем закону, бо сьцяг выкарыстоўваецца для прадстаўленьня краіны. Там няма нейкіх рэчаў, якія б абражалі Эстонію. Вы можаце гуляць па Таліне з савецкім ці нацыскім сьцягам, гэтым вы ня будзеце парушаць закон, але калі вы будзеце абражаць Эстонію, заклікаць да нацыянальнай варожасьці, то гэта будзе парушэньне закону. Адказнасьць уводзіцца не за сьцяг, а за дзеяньні.
Заявіў Март Сіліваск, прэс-сакратар Міністэрства юстыцыі Эстоніі.
З пытаньнем, ці варта ўводзіць крымінальную адказнасьць за выкарыстаньне сымболікі акупацыйных ці іншых рэжымаў, мы зьвярнуліся да гісторыка Ўладзімера Арлова.
У. Арлоў: Мне найперш згадваюцца словы Артура Шапэнгаўэра пра тое, што «сымбаль ёсьць цэнтрам, зь якога разыходзіцца безьліч радыюсаў». Гэта вобраз, у якім кожны бачыць нешта іншае, і ў той самы час усе ўпэўненыя, што бачаць адно й тое ж самае. Калі йшла рэстаўрацыя Полацкага сабору, архэолягі знайшлі там старажытную цэглу зь пяціканцовымі зоркамі, выразаннымі ў 11 ст. Гэта зусім не значае, што ў 11 ст. былі бальшавікі. Самі па сабе сымбалі ні ў чым не вінаватыя, гэта людзі зрабілі іх вінаватымі, а часам нават злачыннымі. Таму ў пэўных сытуацыях трэба караць людзей. Адна сытуацыя, калі йдзе маладзён у саколцы зь сярпом і молатам альбо з чырвонай зоркай і надпісам СССР. Ён у гэтай краіне можа й ня жыў, а толькі нарадзіўся. Для яго гэтая саколка ёсьць
фрондай. Ён ня ведае, што пад гэтай сымболікай зьнішчаліся мільёны людзей. Іншая рэч, калі пад гэтымі сымбалямі йдзе агрэсіўны натоўп, у шэрагах якога знаходзяцца людзі, якія можа й былі саўдзельнікамі тых злачынстваў.
Дадзены закон зьяўляецца чарговым спробай Эстоніі асудзіць савецкую акупацыю краіны. Аднак, згодна з дадзенымі Цэнтру інфармацыі па правох чалавека ў Таліне, толькі 35,7% эстонцаў лічаць уваход савецкіх войскаў акупацыяй краіны.
Дзьмітры Гурневіч