- Каталікі перамаглі чыноўнікаў
- Audio0 KB
- 06.12.2006
На шосты дзень галадоўкі гарадзенскія каталікі спынілі акцыю пратэсту. Абласныя ўлады перадалі біскупу Аляксандру Кашкевічу заяву, у якой гаворыцца, што аблвыканкам ня супраць пабудовы сьвятыні на месцы цяперашняй капліцы парафіі Найсьвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасьці.
6 дзён галадоўкі 16-ці жанчын і пробашча парафіі айца Аляксандра Шэмета прымусілі мясцовыя ўлады зрабіць тое, на што ім не хапіла 10 гадоў. Старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка даў дазвол на пабудову касьцёлу на вул. Рэпіна.
Вернікі парафіі часова прыпынілі галадоўку.
Кс. А. Шэмет: Цешыцца трэба толькі на 20%. Гэта вельмі хітры ліст, які сьведчыць пра тое, што перад намі яшчэ даволі шмат працы. У дакумэнце яны запісалі, што ня супраць будаўніцтва касьцёлу, але ж яны заўсёды казалі, што ня супраць. Складваецца ўражаньне, што 10 гадоў я змагаюся сам з сабою, пішу лісты, бегаю па розных установах. Гэты ліст дае нам магчымасьць зьбіраць дакумэнты, якія датычаць кавалка зямлі на будову. Я мяркую, што ў дадзены момант нам няма патрэбы працягваць галадоўку.
Айцец Шэмет кажа, што як толькі справа зацягнецца ізноў, то вернікі адновяць галадоўку.
Кс. А . Шэмет: З камуністамі нельга весьці дыялёг, бо нас гэта ўжо давяло да руінаў. Яны ж зьнішчылі Горадню, паразбуралі тое, што было самае прыгожае ў нашым горадзе. Я ім сказаў: вы людзі нетутэйшыя, вы ня любіце гэтага гораду, вы яго ненавідзіце. Вы поўныя нянавісьці да нас, але мы не здаёмся. Сёньня шосты дзень, але калі трэба, то будзе й 365 дзень.
Дзьмітры Гурневіч