Сёньня ў францускім горадзе Страсбург а 13 гадзіне паводле беларускага часу Аляксандру Мілінкевічу была ўручаная прэмія імя Андрэя Сахарава. Цырымонія адбылася падчас сэсіі Эўрапейскага парлямэнту. У Страсбурзе знаходзіцца Марцін Сьмялоўскі.
Па-першае, трэба сказаць, што яшчэ ніколі будынак Эўрапарлямэнту ня быў такім бел-чырвона-белым. Амаль кожны эўрадэпутат меў беларускі бел-чырвона-белы сьцяжок. Па ўсім будынку былі расклееныя плякаты з паведамленьнем, што прэмію імя Сахарава атрымаў Аляксандар Мілінкевіч, наклееныя ягоныя здымкі. Вісіць таксама плякат, на якім бачны напіс "Салідарнасьць". Шрыфтам і выглядам ён нагадвае напісаньне назвы польскага прафсаюзу "Салідарнасьць", зь якога, можна сказаць, пачаўся ў Эўропе канец камунізму. І вось гэты плякат, які вісіць у Эўрапарляманце, нагадвае напіс "Салідарнасьць", толькі па-беларуску, і над літаркай "н" сьцяг не бел-чырвоны, а бел-чырвона-белы. І мне здаецца, што ўжо даўно эўрадэпутаты настолькі доўга й дружна не апладыравалі – хвіліны дзьве.
Прамова Аляксандра Мілінкевіча была заплянаваная на 30 хвілін.
Урачыстасьць была заплянаваная на паўгадзіны, але да ўручэньня прэміі выступіў кіраўнік Эўрапарлямэнту Жозэ Барэль і толькі пасьля яго - Аляксандар Мілінкевіч. І, сапраўды, частка, у якой выступіў Мілінкевіч, доўжылася больш за 20 хвілін.
Лідэр беларускай апазыцыі падкрэсьліваў, што ўзнагарода Сахарава прызнаецца не яму, а ўсім беларусам, што гэтай прэміі заслугоўвае таксама Аляксандар Казулін, і перш за ўсё беларуская моладзь, якая выступала 19 сакавіка на плошчы Кастуся Каліноўскага ў Менску. Паводле словаў Мілінкевіча, маладыя людзі ўзялі на сябе адказнасьць за будучыню дэмакратычнай Беларусі.
Аляксандар Мілінкевіч выступаў на беларускай мове.
Спадар Мілінкевіч на ўсіх міжнародных сустрэчах прынцыпова гаворыць па-беларуску. Праўда, ён пачаў па-фрацуску. Як вядома, ён быў выкладчыкам у Алжыры, дзе дзяржаўнай мовай зьяўляецца француская. А. Мілінкевіч прывітаў дэпутатаў на францускай мове, але адразу дадаў, што ён беларус, што думае па-беларуску й прадстаўляць свае думкі ён будзе таксама па-беларуску. Так і зрабіў.
У Страсбурзе Мілінкевіча суправаджалі, апрача жонкі Іны Кулей, ягоныя дарадчыкі: палітычны - Вінцук Вячорка ды эканамічны - Алесь Лагвінец.
Іна Кулей слухала прамову мужа з крэсла, якое знаходзілася побач са мною. Я бачыў сьлёзы. Я ня ведаю, ці гэта былі сьлёзы радасьці, ці смутку. Але мне здаецца, што яна плакала ад радасьці. Я, дарэчы, запытаў, як яна выносіць такую сытуацыю, што яе муж амаль ніколі не бывае дома, калі ягонае жыцьцё больш ці менш рэальна знаходзіцца пад пагрозай. Іна Кулей сказала, што галоўнае, чаго ёй не хапае, гэта доўгія размовы, якія вечарамі яны заўсёды праводзілі, калі лідэр дэмсілаў ня быў такім занятым чалавекам. Але за яго яна не баіцца, бо ведае, што такое адмоўнае мысьленьне пра тое, што можа здарыцца з блізкім чалавекам, сапраўды можа давесьці да чагосьці дрэннага. І таму яна ўвесь час стараецца пазытыўна думаць аб дзейнасьці мужа, і аб усім тым, што ён у сваім жыцьці робіць.
Марцін Сьмялоўскi