• Не спыніць, не разьбіць, не стрымаць…
  • 24.11.2003
Згодна афіцыйным дадзеным, пасьля ўвядзеньня Польшчай візавага рэжыму зь Беларусяй, зараз Польшчу наведвае на 30% беларусаў менш. Тым часам у Горадні значна зьменшыліся чэргі за візамі ў Генэральнае Консульства Рэспублікі Польшча. У народзе пайшлі чуткі пра тое, што хутка для тых, хто пражывае ў памежнай зоне, візы будуць бясплатнымі. Праўда, ні беларускі, ні польскі афіцыйны бок гэтага ніяк не каментуюць.

А тым часам значная колькасьць беларускіх грамадзян, якая пражывае ў памежнай зоне, працягваюць зарабляць на жыцьцё паездкамі ў Польшчу.

Паміж Горадняй і польскай памежнай станцыяй Кузьніца па-ранейшаму штодня ходзяць чатыры цягнікі. Колькасьць пасажыраў да ўвядзеньня візавага рэжыму з Польшчай была большая, але іхная лічба паступова аднаўляецца. Прычым, праехаўшы па маршруту Горадня-Кузьніца-Горадня, я зразумеў, што памежны бізнэс не спыніць, не разьбіць, не стрымаць…

Новае цяпер тое, што колькасьць вагонаў у цягніках стала меншай – усяго тры счэпкі, раней іх сягала нават да пяці. Тым ня менш, не заўсёды хапае месца, каб усім расьсесьціся і ўладкаваць тавар. Па дарозе ў Кузьніцу гандляры гарэлкай і цыгарэтамі вагонаў не раскручваюць, як гэта рабілася раней, і не хаваюць там свайго тавару. Стараюцца падбіраць момант, каб патрапіць на «добрую» зьмену польскіх мытнікаў, якія менш прыдзіраюцца.

У вагоне даволі жывенька: нехта ўжо прадае тавар, а нехта вымае з картонаў пачкі цыгарэт, абкручвае іх празрыстым скочам і расьпіхвае па кішэнях і за пазуху, жанчыны выходзяць у тамбур і там «абвязваюць» сваё цела таварам, нехта пералівае гарэлку ў цыратавыя капшучкі, па вагоне валяюцца бутэлькі. За паўгадзіны народ спраўляецца са сваімі цяжкасьцямі.

А адзін найбольш увішны гарадзенец вязе цэлую групу казахскіх грамадзян, якія накіроўваюцца ў Шчэцін па аўтамабілі. Яны ўжо ўсе нападпітку, вясёлыя й займаюць амаль палову счэпкі ў вагоне. Колькі каштуе бізнэс «экскурсавода», даведацца так і не ўдалося.
Цяпер галоўнае - «прайсьці» польскі кантроль. Удаецца гэта ня ўсім: некаторым выпісваюць штраф у 50 злотых, некаму анулявалі візу. І польскія мытнікі, і беларускія гандляры вельмі добра ведаюць адзін аднаго ў твар. Плач, сьлёзы…

А ў будынку вакзала ў Кузьніцы, бы раяцца пчолы. Жанчыны зь Беларусі ўрываюцца туды, што можна назваць, без аглядкі, натоўп, - Вера, Каця сюды, – даносіцца з кута. Там ужо здаюць тавар пакупніку. – 29 злотых. – Не, пан, аддаю толькі за 30 – адказвае жанчына. Столькі каштуе пачка LM. Яшчэ некалькі разоў адзін аднаго упрошваюць – а, давай, пані, іля там маш. – Чатыры картоны. Пані скідае футра й пачынае вымаць адусюль, адкуль толькі магчыма, цыгарэты, у сумцы ляжаць памятыя ўпакоўкі, і зачынае надаваць тавару прывабны выгляд. Пан азіраецца па бакох, яго паўсюдна штурхаюць, а ён тым часам хуценька хавае некалькі блёкаў за пазуху ды з маленькай сумачкай бяжыць на вуліцу, аказваецца, у машыну, каб схаваць тавар і вярнуцца зноў па новую порцыю. Нехта прабіраецца да білетнай касы, каб набыць білеты – часам гучыць “пшэпрашам” альбо “что не можешь обойті”.

Дзіва дзіўнае: толькі што бачыў - жанчына была ў цёплай шубе, яшчэ падумаў, што апранулася не па сэзону, а цяпер у звычайнай куртцы. – Ліля, шубу аддала? – крычыць з другога вугла залі ейная каляжанка. Аказваецца, так возяць шубы на продаж.

Па ўсіх кутах людзі, іхны галоўны інструмэнт цяпер - празрысты скоч – скручваюць, абвязваюць і раскручваюць, з цыратавых капшукоў гарэлку зноў пераліваюць у бутэлькі. Іхныя польскія калегі толькі пасьпяваюць перабягаць ад аднаго гандляра да другога. – Слухай, пан, калі будзеш браць яшчэ, зьбегаю прынясу – пераканаўча гаворыць пакупніку беларуская гандлярка. Аказваецца, тавар яшчэ ёсьць недзе побач на кватэры.

На картоне цыгарэтаў беларускія гандляры зарабляюць часам па 2-3 даляры, тое самае й на сьпіртным. Галоўнае, колькі такіх блёкаў ці пляшак удасца правезьці. А бывае па-рознаму – нават па тры-чатыры. Кошты на шубы ўтойваюць. Самае цікавае, што вязуць нават зубную пасту, шкарпэткі й іншыя дробязі, якія іх забіраюць адразу на вакзале.

У гэтай суматосе яшчэ нехта некаму нешта заказвае, каб прывезьлі наступны раз.

Цяпер, здавалася, да адыходу цягніка можна было б і адпачыць, але гэта яшчэ ня ўвесь гандаль. Цяпер настаў час загружаць тавар у Беларусь. Проста, да ўваходу ў будынак вакзала пад’яжджае машына й адтуль “польскія таварышы” пачынаюць даставаць вялікія корабы: у іх абутак, адзеньне, кажухі й самыя розныя рэчы. Народ ізноў пачынае гудзець, як рой пчол. Цягнуць гэта ў будынак і пачынаюць распакоўваць. Аказваецца, можна весьці толькі па тры пары абутку й па адным кажусе. За перавоз абутку плацяць тым, хто бярэцца перавезьці, па адным даляры, за кажух, які каштуе ў Польшчы 240 даляраў, правоз абыходзіцца ад 3 да 5 даляраў. А ў Беларусі гэта кошт за кажух узрастае яшчэ амаль да сотні даляраў.

Змучаныя гандляры, ужо седзячы ў цягніку, кажуць, што ў Горадні тавар сустрэнуць і большую частку будуць “перакідваць” у Расею. Самы спакойны час: ядуць, выпіваюць, гавораць пра жыцьцё, клянуць Лукашэнку й рагочуць. Размова зайшла пра візы. Сталая жанчына, якой 76 гадоў, раптам падлічыла, што кошт польскае візы не даражэй, чым было раней езьдзіць па ваўчары, калі за яго плацілі нават па 500 рублёў. Аказваецца, і так сума набягала на тыя ж 54 даляры. – Так што, якая нам розьніца, - падсумоўвае здарожаная пані, - мне вось у гэтым годзе за ацяпленьне дома трэба плаціць больш чым сто тысяч рублёў - вось гэта праблема, а як іх зарабіць? Кабеты, што сядзяць побач, маўкліва ківаюць галавой, выказваючы сваю згоду, і думаючы пра нешта сваё.

Міхал КАРНЕВІЧ, Горадня