• Памяць пра Чэслава Немэна жывая ў Беларусі
  • 05.02.2004
Старыя Васілішкі ў Беларусі – 50 жыхароў і 32 дамы. У адным зь іх нарадзіўся і жыў 19 гадоў Чэслаў Выджыцкі – Немэн. Цяпер дом пусты, а на дзвярах вісіць жалобны вянок. Тым ня менш, у Васілішках памятаюць пра вядомага польскага музыку - піша на старонках цэнтрысцкай “Gazety Wyborczej” Марцін Рэмбач.

Антоні Аксьціловіч, сваяк Немэна, ня зьдзіўлены візытам журналіста, таму што апошнім часам паведвалі яго розныя асобы – нехта зь Менску, нехта з Горадні, з замежжа таксама.

Сьмерць Чэслава Немэна ажывіла ўспаміны з найцяжэйшых, пасьляваенных часоў. Паяўляюцца таксама ўспаміны пра Чэслава. “Мая маці мела грамафон, малы Чэслаў прыходзіў да нас слухаць вінільныя кружэлкі. Раз ён сказаў: „Цёця, Ты яшчэ калісьці паслухаеш мае кружэлкі”. Але яна не пасьпела - памерла да таго, як сваяк стаў вядомым”- успамінае спадарыня Тэрэса - жонка Антоні Аксьціловіча.

Старэйшы брат Антоні Маркевіча быў найлепшым сябрам Чэслава зь дзяцінства “ Іх было трох : Чэслаў, мой брат Станіслаў і Юзік з Васілішкаў. Апошні раз яны сустрэліся ў 1979 годзе ды вызначылі сабе наступную сустрэчу ў 2004 годзе. 15 сьнежня памёр Юзік, а цяпер Чэслаў - сустрэчы ня будзе “ – уздыхае Маркевіч, разказваючы далей : ”Гэта была прыгожая ваколіца - шырокая рака, рыбы, кусты. Летам пах такі, што вечарам не хацелася вартацца дадому. А Чэслаў часам адчыняў вокны й сядаў да піяніна. Ён любіў іграць для людзей, хаця больш любіў камэрныя сустрэчы”.

Пра Немэна спадар Антоні распавядае так : ”Гэта быў класны мужык. З нашай ваколіцы шмат людзей выехала ў Польшчу. Пазьней, калі яны прыяжджалі, здалёк чуваць было, што п’юць ваду з крану. Але Чэсек меў клясу. У цёткі ён папрасіў гатаваць стравы, якія еў у дзяцінстве, а калі я паставіў на стале каньяк, запытаў, ці ня маю нечага тутэйшага. Хацеў прынамсі панюхаць, прыгадаць сабе пах. Аднойчы я запытаўся ў яго, на якой мове будзем размаўляць, а ён усьміхнуўся й адказаў : “Так, як мы тут гаварылі”. Менавіта таму спадара Маркевіча не зьдзіўляе інфармацыя пра тое, што калісьці Немэн даў інтэрвію для Радыё Свабода на беларускай мове.

Антоні Маркевіч калісьці пытаўся Чэслава , чаму ён выбраў менавіта гэткі псэўданім “Niemen” (Нёман). А той адказаў, што калі вучыўся ў Горадні, любіў стаяць на масьце й глядзець у раку. Тады ў галаву прыходзілі найлепшыя ідэі.

У Старых Васілішках надалей жывуць Аксьціловічы, Маркевічы ды жыве памяць пра Чэслава Немэна – піша Марцін Рэмбач на старонках цэнтрысцкай “Gazety Wyborczej”.