Трыста кілямэтраў ад мяжы Польшчы можа знаходзіцца хімічная зброя. Рэпартэры „Wprost” адкрылі таямнічыя склады беларускага войска непадалёк ад мясцовасьці Старыя Дарогі. Каля іх мы знайшлі пакінутую аснаду каманды хімічнай абароны. Мы бачылі таксама калёны цяжкіх транспартэраў, выгляд якіх занепакоіў вайсковых экспэртаў, якія з намі размаўлялі. У сарака кілямэтрах ад Старых Дарогаў знаходзяцца ракеты, якія могуць пераносіць хімічную зброю. Былы жаўнер спэцпадразьдзяленьня, які тлумачыў нам тямніцу базы ў Старых Дарогах, загінуў у нявысьветленых акалічнасьцях.
Што мы адкрылі ў базе хімічных войскаў?
Некалькі месяцаў таму разам зь беларускім журналістам Васілём Сямашкам (публікаваўся між іншым у ,,БДГ") мы зьвязаліся з Паўлам Шагуновым. У савецкія часы той быў жаўнерам войскаў КДБ, спэцыялізаваўся ў маскаваньні транспартных сродкаў. У 1988-1991 гг. ён служыў у спэцпадразьдзяленьні КДБ „Тантал”. Служба скончылася тым, што ён трапіў пад вайсковы суд, і, на падставе сфабрыкаваных доказаў, у замкнёным працэсе быў прысуджаны да пятнаццаці гадоў турмы. На волю выйшаў празь 10 гадоў. Пакуль ён сядзеў, шмат якія ягоныя калегі з падразьдзяленьня памерлі ў таямнічых акалічнасьцях. Няма ўжо й следчага – ягонае цела нядаўна было вылаўлена з ракі.
Некалькі тыдняў таму мы разам з Шагуновым сачылі за дзіўным рухам войскаў вакол часткі ў Старых Дарогах. Нас зацікавілі калёны, якія складаліся зь невядомых нам транспартэраў, што рухаліся паміж часткай хімічных войскаў і базай паветраных сілаў у Мачулішчах. У Старых Дарогах, якія зьяўляюцца неафіцыйным цэнтрам беларускіх хімічных войскаў, знаходзіцца Варшаўскі полк хімічных і біялягічных войскаў.
- Частка хімічных войскай у Старых Дарогах знаходзіцца ў стане найвышэйшай баявой гатоўнасьці на ўсялякі выпадак – лічыць Анджэй Кіньскі – рэдактар часопіса „Nowa Technika Wojskowa”. На ягоную думку, пра сапраўдную ролю гэтага гарнізону можа сьведчыць блізкае суседзтва ракетнных войскаў. У адлегласьці каля 40 км ад Старых Дарогаў, у Асіповічах, дыслякуе база тактычных ракет. Гэта вайсковая частка, падпарадкаваная непасрэдна Міністэрству Абнароны – гэтак жа як і гарнізон у Старых Дарогах. Кіньскі не выключае, што ва ўмовах мабілізацыйнага разгортваньня (стану найвышэйшай баявой гатоўнасьці пасьля абвяшчэньня мабілізацыі) у асіповіцкую частку могуць трапіць сродкі спэцпрызначэньня, якія цяпер, магчыма, захоўваюцца ў Старых Дарогах.
Шагунову й Сямашку ўдалося сфатаграфаваць і вайсковую частку ў Старых Дарогах, і таямнічыя канвоі. Базу ахоўвае патройны плот з калючым дротам. У жаўнераў, якія ўваходзяць на тэрыторыю часткі, забіраюць усе лёгкапальныя прадметы, напрыклад, запалкі й цыгарэты, чаго не практыкуюць нават на паліўных складох. Паміж часткай хімічных войскаў і авіябазай у Мачулішчах рухалася калёна з шасьці цяжкіх машын. Калёнай кіраваў падпалкоўнік, які рухаўся на аўтамабілі ГАЗ-66 з групай афіцэраў. Многае сьведчыць пра тое, што апрача вайскоўцаў за аховай калёны сачылі й людзі ў цывільным (хутчэй за ўсё КДБ). Над калёнай ляцеў штурмавы верталёт Мі-24, які, верагодна, ахоўваў калёну з паветра.
Сабраць дакладную дакумэнтацыю можна было адно дзякуючы прафэсійнаму камуфляжу нашай машыны (якая нагадвала вайсковую). Пазыцыі найважнейшых аб’ектаў па дарозе калёны мы адсочвалі пры дапамозе спадарожнікавага навігатара GPS.
Экспэрты з войскай хімічнай абароны былі выразна занепакоеныя, бачачы на нашых здымках цяжкія Камазы. Яны зьвярнулі ўвагу на нізкую грузавую частку за кабінай кіроўцы. – Гэта не машына па дэзактывацыі – кажа генэрал Уладыслаў Карч, які калісьці ўзначальваў хімічныя войскі. На ягоную думку, сфатаграфаваныя машыны могуць быць прызначаныя дзеля транспартаваньня асабліва небясьпечных хімікатаў. Іншы экспэрт, выпускнік Маскоўскай акадэміі хімічных войскаў, зьвярнуў увагу на невядомую ў хімічных войсках структуру цыстэрны, падзеленай на 4-5 сэгмэнтаў зь невялікімі адтулінамі.
Усе машыны мелі ўзмоцненыя колы; на ўсіх былі таксама „танкавыя” антэны радыёсувязі. Павал Шагуноў ацаніў іхны абсяг прыблізна на 150 км (падлучаныя да асноўнага перадатчыка яны маюць у некалькі разоў большы абсяг дзеяньня). – Калі гэтая тэхніка сапраўды служыць дзеля перавозкі асабліва небясьпечных хімікатаў, аснаджаньне яе такімі сродкамі сувязі цалкам абгрунтаванае – кажа генэрал Карч. Меркаваньнем былога афіцэра КДБ, сфатаграфаваныя намі ў Старых Дарогах Камазы прыстасаваныя да перавозкі на самалётах альбо верталётах Мі-26.
На трасе Старыя Дарогі – Слуцк, пры якой знаходзіцца сфатаграфаваная намі вайсковая частка, Сямашка й Шагуноў бачылі калёну жаўнераў у палявой форме. Пазьней адзін з жаўнераў сказаў нам, што ў частцы дыслякуюць войскі МУС. – Калі прысутнасьць войскаў МУС у Старых Дарогах удалося б пацьвердзіць, гэта азначала б, што ў базе знаходзяцца сродкі, якія вымагаюць асаблівай аховы – лічыць генэрал Уладыслаў Карч. Асноўнай задачай беларускіх войскаў МУС апрача разгонаў антыпрэзыдэнцкіх дэманстрацыяў зьяўляецца ахова канвояў з грузамі спэцпрызначэньня. Павал Шагуноў, які некалі быў спэцыялістам у галіне транспартнай контрвыведкі, сьцьвярджаў, што перш чым важны спэцгруз кудысьці рушыць, часам туды пасылаюць фальшывыя калёны. Такія хітрыкі й несупынны рух вайсковых калёнаў – пешых і аўтамабільных – дазваляюць дадаткова замаскаваць груз, а таксама схаваць яго ад спадарожнікаў-шпіёнаў і канвэнцыянальных выведкаў.
Здымкі вайсковай тэхнікі мы паказалі беларускім дыпляматам, акрэдытаваным у Варшаве. – Наш аташэ па пытаньнях абароны Віктар Хаванскі сказаў, што машыны хутчэй за ўсё служаць дзеля перавозу паліва – заявіў І сакратар Амбасады Ўсевалад Глушкоў. Паводле ягоных словаў, надпісы „Бензін А-76” (бачныя на вэнтылятарах падземных рэзэрвуараў, зафіксаваныя на адным са здымкаў) адназначна пацьвярджаюць думку, што ў сфатаграфаваных машынах перавозілі паліва. У сваю чаргу Шагуноў сьцьвярджае, што гэта малаверагодна, каб паліва ў Мачулішчы вазілі з базы ў Старых Дарогах – за 150 км.
Забойчы выцек
У лесе, у некалькіх сотнях мэтраў ад старадароскай вайсковай базы Сямашка й Шагуноў знайшлі парэшткі хімкамбінэзонаў і сучасных супрацьгазавых масак (па сем штук). Усё гэта было кінута разам з адзеньнем і пакрыта шэра-сінім налётам. Субстанцыя раздражняла вочы, горла й нос. Гэтыя сымптомы ўзмоцніліся падчас язды ў машыне, куды былі забраныя знойдзеныя прадметы (дзеля далейшай экспэртызы). Празь некалькі гадзінаў Сямашка й Шагуноў адчулі выразную стому й запаволеньне рэакцыяў.
Афіцэр польскіх Вайсковых Інфармацыйных Службаў (WSI), зь якім мы гутарылі на гэтую тэму, ня выключыў, што знойдзеныя рэчы засталіся пасьля некантралянаванага выцеку нейкай атрутнай субстанцыі ў старадароскай частцы. Дзяжурныя жаўнеры маглі не дакласьці пра гэта камандаваньню, і самастойна зьнішчыць сьляды. Падобныя сытуацыі ў мінулыя гады здараліся ў СССР.
Шагуноў і Сямашка ўзялі пробы вады й грунту з ваколіцаў вайсковай часткі ў Старых Дарогах. Сабраныя матэрыялы, між іншым, маскі ды адзеньне, былі перададзеныя знаёмаму хіміку ў Маскву. Празь месяц знэрваваны хімік сказаў, што ён адмаўляецца аналізаваць пробы. Нашыя супрацоўнікі тады яшчэ ня ведалі, што калі беларускае КДБ даведаецца пра іхную дзейнасьць, ім пагражае сьмяротная небясьпека.
Ці ёсьць у Беларусі хімічная зброя?
У апошнія гады Беларусь мела інтэнсыўныя кантакты з гэтак званымі „бандыцкімі” дзяржавамі. Адміністрацыя прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, напрыклад, парушала эмбарга на гандаль зь Іракам, пастаўляючы рэжыму Хусэйна розныя тавары ўзамен за продаж нафты па невысокіх цэнах. Беларускія фірмы прадалі іракцам між іншым „алмазныя” станкі, якімі карыстаюцца пры вытворчасьці кампанэнтаў атамнай зброі ды балістычных ракет. Зарабляючы на кантрактах з Хусэйнам, якога абвінавачвалі між іншым у валоданьні зброяй масавага зьнішчэньня, Лукашэнка дагэтуль заставаўся па-за падазрэньнямі ў тым, што ў яго самога можа быць хімічны арсэнал. У 1995 годзе Беларусь разам зь іншымі 153 дзяржавамі ратыфікавала канвэнцыю (OWC) – дэклярацыю датычна трох відаў сродкаў: хімічнай зброі, яе кампанэнтаў, і гзв. элемэнтаў падвойнага прызначэньня (такіх як хлор), якія можна выкарыстаць дзеля мэтаў, забароненых канвэнцыяй. – Беларусь тады задэкляравала, што яна мае толькі элемэнты падвойнага прызначэньня – згадвае спэцыяліст па пытаньнях хімічнай зброі зь Генэральнага Штабу Польскага Войска. Сярод дзяржаваў былога СССР толькі Расея прызнала, што мае хімічную зброю. Аднак экспэрты, зь якімі нам удалося паразмаўляць, нагадваюць, што, меркаваньнем Стакгольмскага Інстытуту Мірных Дасьледаваньняў (SIPRI), хімічная зброя ёсьць таксама ў краінах, якія не паведамілі пра гэта OWC, напрыклад, у Іране.
Ад 1997 г., калі канвэнцыя ўвайшла ў жыцьцё, у Беларусь чатыры разы прыяжджалі інспэктары OWC. Спраўдзілі Гарадзенскі Азотны Камбінат, магілёўскае прадпрыемства „Хімвалакно”, палімэрнае прадпрыемства ў Наваполацку й лідзкае прадпрыемства па вытворчасьці лаку й фарбы. Гэта якраз тыя аб’екты, якія Беларусь назвала ў дэклярацыі падчас рэтыфікацыі OWC. – Такі кантроль мае сяброўскі характар: спраўджваюць згоднасьць дэклярацыі з фактамі, зазіраюць у вынікі вытворчасьці й бухгальтэрскія крыніцы. Гэта ўсё – кажа польскі дыплямат, які спэцыялізуецца ў пытаньнях хімічнай зброі.
Згодна з канвэнцыяй OWC, каб інспэкцыя зазірнула на аб’екты, не пералічаныя ў дэклярацыі, напрыклад у вайсковыя часткі, іншая дзяржава-падпісант канвэнцыі мусіць накіраваць у сядзібу OWC свае заўвагі ды ўматываваную заяву адносна неабходнасьці правядзеньня кантролю. Калі заява выконвае ўмовы арт. 9 канвэнцыі, інспэктараў трэба пусьціць на тэрыторыю аб’ектаў цягам 24 гадзін. Ніводная дзяржава дагэтуль не скарыстала гэткую магчымасьць. Калі б польскія ўлады, маючы абгрунтаваныя сумневы адносна таго, ці Менск не парушае пастановы OWC, запатрабавалі правесьці кантроль аднае зь беларускіх вайсковых часткаў (напрыклад, у Старых Дарогах), у міжнародных зносінах паявіўся б прэцэдэнт.
Прысуд КДБ?
Не зважаючы на асьцярожнасьць Паўла Шагунова, які дбаў пра тое, каб зьбіраць матэрыялы пра рух войскаў у раёне Старых Дарогаў, не зьвяртаючы на сябе ўвагі беларускай контрвыведкі, хутчэй за ўсё ён і Сямашка былі ўзятыя на прыцэл адпаведнымі службамі. Праз тры тыдні пасьля прыезду ў Старыя Дарогі Васіль Сямашка заўважыў, што за ім сочаць. Адкрыў таксама, што нехта нешта рабіў ля ягонай машыны. Ані Сямашка, ані Шагуноў не прадчувалі, што іхнае сьледзтва прывяло іх да сьмяротнай небясьпекі.
Пра тое, што здарылася ў нядзелю 30 лістапада 2003 г., нам вядома толькі з аповеду ягонай жонкі. Раніцай ён устаў і пайшоў на кухню зрабіць сьняданак. Пазваніў тлефон, і Павал узяў слухаўку. Жонка пасьля гэтага заснула, і калі праз гадзіну абудзілася зноў, убачыла на кухні мужа, які быў павешаны на перагародцы коміна кафлявай печы. Сьмерць адбылася каля 8:30 раніцы. Мэдычная экспэртыза ня выявіла нічога падазронага. – Магчыма, былое кіраўніцтва Шагунова вырашыла, што ён стаўся небясьпечны й прапанавала яму: альбо пакончыш з сабой сам, альбо мы заб’ем тваю сям’ю. Ён мог пашкадаваць жонку й дзяцей, таму вырашыў памерці сам – кажа апэрацыйны афіцэр Управы Контрвыведкі WSI.
Ян Чурыловіч
Яраслаў Якімчук
_____
Ян Чурыловіч зьяўляецца аспірантам Польскай Акадэміі Навук. Некалькі гадоў супрацоўнічае з тыднёвікам „Wprost”; раней супрацоўнічаў з варшаўскай газэтай „Życie”, беларускай „Свабодай” і ангельскім „The Sunday Times ”. Спэцыялізуюцца ў тэматыцы краінаў былога СССР. Калі ў 1996 г. ён сабраў доказы фальсыфікацыі беларускага рэфэрэндуму, уцёк у Польшчу, дзе атрымаў статус уцекача. Празь некалькі месяцаў пасьля публікацыі артыкулаў на тэму таго, як Беларусь гандлюе зброяй з гзв. „бандыцкімі краінамі”, і займаецца мыцьцём брудных грошай у Польшчы на старонках „Wprost”, у нявысьветленых акалічнасьцях згінуў ягоны бацька.
Глядзі таксама:
» Беларусь камэнтуе публікацыю “Wprost”
» Экспэрты, да якіх мы зьвярнуліся па кансультацыю, мяркуюць, што гэтая публікацыя не зьяўляецца доказам існаваньня хімічнай зброі ў Беларусі
На здымках:
1. Ня выключана, што Шагуноў заплаціў жыцьцём за збор матэрыялаў для публікацыі тыднёвіка WPROST
2. Цяжкі „Камаз”. [1] – Дзіўная грузавая частка [2] – „Танкавая” антэна;
3. Прадметы, знойдзеныя непадалёк ад часткі ў Старых Дарогах;
4. З кім Беларусь гандлюе зброяй?
Здымкі: ©
WPROST