• Напярэдадні рэфэрэндуму
  • 05.06.2003
Я спадзяюся, што мой наступны камэнтар для Радыё Палёнія будзе напісаны ўжо ў іншай рэчаіснасьці. Перад намі выходныя і рэфэрэндум адносна ўступленьня ў Эўрапэйскі Зьвяз. Я веру ў тое, што яўка складзе больш за 50%, і што інтэграцыю падтрымае больш як 50% польскіх грамадзянаў. Магчыма, гэтая вера вынікае толькі з маіх уласных перакананьняў, але немагчыма жыць зусім без надзеі.

Кампанія перад рэфэрэндумам ня сьведчыць пра поўную абыякавасьць грамадзянаў ці нейкіх установаў да пытаньня эўрапэйскай інтэграцыі. Проста яно сышло на нейкі далейшы плян. Тое, што ўдзельнікі перамоваў і палітыкі маюць звычку засяроджвацца на дэталях – гэта нармальна. І юрыдычныя ці фінансавыя пытаньні павінны вырашацца так ці іначай. Ад таго, як гэтыя пытаньні вырашаць спэцыялісты, залежыць далейшае жыцьцё многіх людзей. Тое, што праціўнікі інтэграцыі намагаліся ўсе дэбаты зьвесьці на пабочча дэталяў, таксама зразумела. Ім было цяжка, бо ніякіх фундамэнтальных аргумэнтаў у іх не было. Калі высьветлілася, што страхі, зьвязаныя з магчымасьцю страты сувэрэнітэту альбо нацыянальнай тоеснасьці лёгка абвергнуць, калі паказаць лёсы іншых народаў, праціўнікі Зьвязу спаўзьлі на ўзровень такіх дэталяў, якія так лёгка ня спраўдзіш, прынамсі ў публічных дыскусіях. Аднак тое, што прыхільнікі інтэграцыі дазволілі ўцягнуць сябе на такую плоскасьць – поўны нонсэнс. Бо яны павінны ведаць, што рашэньне пра ўваход ці неўваход не залежыць ад таго, хто колькі каму заплаціць за надой малака, хто які атрымае пераходны пэрыяд, ці ад чагосьці там яшчэ.

Летуценьні палякаў пра Эўропу й шчыльныя палітычныя, эканамічныя ды культурныя зь ёю сувязі маюць ужо сваю гісторыю. Нават тады, калі не было ніякай жалезнай заслоны, нашыя продкі падыходзілі да Эўропы з дыстанцыяй. Вынікі ІІ Усясьветнай вайны памножылі гэтую тугу. Паявілася чорна-белая схэма: свабода – рабства, дабрабыт – галеча, права – бяспраўе. А тут усе гэтыя летуценьні й туга могуць раптам пераўтварыцца ў рэальнасьць. Мы ўжо ведаем, што за парогам нас не чакае казачная краіна. Усе ведаюць, што там працаваць трэба яшчэ болей, чым тут. Аднак і пэрспэктывы нас чакаюць нашмат шырэйшыя. Вядома таксама, што калі мы гэтага парогу не перакрочым, нас чакае болей працы. Самотнай і безнадзейнай. Таму гэтае рашэньне не вынікае проста з трывіяльнай калькуляцыі. Гэта гістарычнае рашэньне. Так, як зьвяржэньне камунізму, як уваход у NATO. Камунізму палякі адмаўлялі не пытаючыся, хто й як будзе кіраваць краінай пасьля яго зьвяржэньня. У NATO палякі ўваходзілі, не ведучы перамоваў пра нумары абутку ці памеры мундзіраў. У выпадку Эўрапэйскага Зьвязу мы страцілі з поля зроку найважнейшую мэту, якой зьяўляецца ўваход на вышэйшы ўзровень жыцьця, у лепшы сьвет. На шчэсьце, пра гэта забыліся ня ўсе. Зрэшты, я спадзяюся, што гэткія зрокавыя праблемы маюць пераходны характар. Калі б мела быць іначай, я бачыў бы будучыню ў найцямнейшых колерах. Тым больш, што акулістычная тэрапія ў маштабе ўсяго грамадзтва мусіць заняць дзесяцігодзьдзі, і яна заўжды балючая.

Анджэй Ёнас