- Ці Польшчу чакае адплыў лекараў з рынку працы?
- 04.03.2004
Тысячы польскіх лекараў могуць выехаць з Польшчы працаваць у краіны Эўрапейскага Зьвязу – так сьведчаць зьвесткі рапарту, падрыхтаванага па даручэньні Галоўнай Лекарскай Палаты.
Наш госьць Адам Казеркевіч - аўтар рапарту на тэму зьменаў, якія могуць адбыцца на польскім рынку працы пасьля далучэньня краіны да эўрапейскіх структураў.
Ці сапраўды Польшчу чакае адплыў лекараў зь мясцовага рынку працы?
У большай ступені рапарт адносіўся да сыстэмы зарплатаў лекараў, а пытаньне адплыву гэтай прафэсійнай групы з рынку ўзьнікла, можна сказаць, пры нагодзе. Тым часам галоўнай мэтай аналізаў было вызначэньне ўзроўню зарплатаў польскіх лекараў і прадугледжаньне зьменаў, якія ў гэтай галіне адбудуцца ў будучыні.
Між тым узровень заробных платаў можа мець вялікі ўплыў на рашэньне аб выезьдзе працаваць за мяжу?
Сапраўды, розьніца ва ўзроўні зарплатаў лекараў у Польшчы і краінах Эўразьвязу вялікая. Калі ў Польшчы лекар мае шанец зарабіць больш за 30 тысяч злотых у год, дык у суседняй Нямеччыне ён мог бы атрымаць каля 240 тысячаў злотых у год. Гэта сапраўды важны аргумэнт.
Паўстае пытаньне, наколькі ахвотна польскіх лекараў будуць прыймаць на працу ў краінах Эўразьвязу? Як выглядаюць пэрспэктывы палякаў у гэтай справе?
Ужо цяпер можна заўважыць, што некаторыя краіны-чальцы Эўрапейскага Зьвязу, можна сказаць, дасьледуюць асяродзьдзе польскіх лекараў. Гаворка йдзе пра скандынаўскія краіны: Швэцыю й Нарвэгію. Гэтая сытуацыя вынікае з таго, што ў згаданых краінах многія гады доступ да мэдычных ВНУ абмяжоўваўся. Толькі празь некаторы час выявілася, што лекараў на рынку замала, а грамадзтва ўсё больш старэе і патрабуе больш інтэнсіўнай мэдычнай апекі. Згаданы дэфіцыт спрычыніўся да таго, што ўжо цяпер у некаторых эўразьвязаўскіх краінах попыт на лекараў вялікі.
Ці на папулярнасьць польскіх лекараў уплывае таксама ўзровень іхнага прафэсіяналізму?
Здаецца, так. Ацэнка ўзьнікае на падставе канкрэтных прыкладаў. Калі ў нейкай краіне лекар-іншаземец дае рады, не сустракаецца з асаблівымі культурнымі праблемамі, тады ён карыстаецца станоўчай ацэнкай, якая з часам пераносіцца на ўсю прафэсійную групу дадзенай нацыянальнасьці.
Ці Галоўная Лекарская Палата валодае зьвесткамі на тэму колькасьці польскіх лекараў, якія пацуюуць, альбо могуць працаваць на Захадзе ?
Вынікаў пасьлядоўных дасьледаваньняў на гэтую тэму ня мае ані Лекарская Палата, ані, здаецца, іншыя ўстановы. Можна прадставіць патрэбы, пра якія гавораць замежныя ўстановы, напрыклад, у скандынаўскіх краінах. Гаворка пра некалькі сотняў лекараў, напрыклад, у Швэцыі патрэбныя 300.
Ці тады Польшча павінна баяцца адплыву лекараў?
На маю думку, яна павінна баяцца гэтага зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, што далучэньне Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу спрычыніцца да ліквідацыі бюракратычных перашкодаў з прызнаваньнем за мяжой польскіх прафэсійных кваліфікацыяў. У выпадку лекарскіх дыплёмаў на тэрыторыі Эўразьвязу прызнаваньне адбываецца аўтаматычна. Наступная справа, гэта патрабаваньні эўрапейскага права адносна часу працы лекара. Гаворка йдзе пра тое, што час працы лекара, уключна з гэтак званым “часам гатоўнасьці” ня можа перавышаць 48 гадзінаў на тыдзень. Гэта значыць, што ва ўсім Эўразьвязе можа не хапаць дзесяткаў тысяч лекараў. У гэткай сытуацыі, адной з магымасьцяў застаецца імпарт спэцыялістаў з-за мяжы.
Пад увагу трэба ўзяць яшчэ адзін аспэкт. Польскае мэдычнае асяродзьдзе стомленае сваёй фінансавай сытуацыяй, асабліва ў выпадку маладых лекараў, якія могуць стаць групай найбольш зацікаўленай працай за мяжой.
Дзякую. Нашым суразмоўцам быў Адам Казяркевіч - аўтар рапарту на тэму зьменаў на польскім рынку працы, якія могуць адбыцца пасьля далучэньня краіны да эўрапейскіх структураў.