• Стан здароўя некаторых пацярпелых ад выбуху ў мэтро палепшыўся
  • 13.04.2011

Стан некаторых цяжкахворых, пацярпелых ад выбуху ў мэтро, паляпшаецца, паведаміла БелаПАН намесьнік галоўнага ўрача бальніцы хуткай мэдыцынскай дапамогі Менска Гражына Шайко.

Паводле яе словаў, у рэанімацыі бальніцы, як і раней, у цяжкім стане знаходзяцца 14 чалавек. Аднак сёньня тры пацыенты з 12, якія знаходзіліся на апаратным дыханьні, пачалі дыхаць самастойна. У іх стане выявілася станоўчая дынаміка, сказала ўрач.

Цяпер у бальніцы хуткай дапамогі знаходзяцца 24 пацярпелыя ад выбуху ў метро. Адразу пасьля тэракта ў бальніцу паступілі 26 пацыентаў. Учора  чацьвёра зь іх, у тым ліку двухгадовае дзіця, былі выпісаныя, але ў гэты ж дзень у бальніцу зьвярнуліся яшчэ двое пацярпелых ад выбуху, якіх шпіталізавалі ў хірургічныя адзьдзяленьні.

Усяго ў мэдустановах Менска знаходзяцца 153 пацярпелыя ад тэракта. Стан 82 пацярпелых характарызуецца як сярэдняй ступені цяжкасьці.

БелаПАН/ кр