Беларускія ўлады забараняюць мерапрыемствы па адзначэньню 25-й гадавіны выбуху на Чарнобыльскай АЭС. Так, забаронены пікет у Слоніме Гарадзенскай вобласьці пад маркай таго, што заяўнікі абралі для яго месца, якое не прадугледжана для такіх акцый. Арганізатары прасілі дазволу правесьці пікет у цэнтры Слоніма, побач зь мясцовым рынкам.
Пікет таксама ня быў дазволены ў Бабруйску Магілёўскай вобласьці. Ён павінен быў прайсьці 21 красавіка на стадыёне на вуліцы Ўрыцкага. Заяўнікамі выступалі гарадзкая арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі й Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет». Аднак гарвыканкам адмовіў у правядзеньні пікета на падставе таго, што арганізацыі-заяўнікі ня маюць рэгістрацыі ў мясцовым упраўленьні юстыцыі.
Як адзначыў кіраўнік бабруйскай структуры АГП Віктар Бузінаеў, усе арганізацыі, якія заявілі правядзеньне пікета, маюць у Бабруйску офісы й зарэгістраваны належным чынам.
Баранавіцкі гарвыканкам не дазволіў правесьці чарнобыльскі пікет 26 красавіка на плошчы Леніна. Паводле рашэньня гарвыканкама, месцам для правядзеньня масавых мерапрыемстваў у горадзе зьяўляецца стары парк культуры й адпачынку па вуліцы Камсамольскай.
Тым часам арганізатары менскага «Чарнобыльскага шляху» пакуль не атрымалі адказу зь Менгарвыканкама на заяўку аб яго правядзеньні. Плянуецца, што збор удзельнікаў акцыі пройдзе на пляцоўцы каля будынку прэзыдыюма Нацыянальнай акадэміі навук у 17.45, у 18.30 пачнецца шэсьце ў бок Чарнобыльскай капліцы ў парку Дружбы народаў, пасьля заканчэньня шэсьця — мітынг.
БелаПАН/вс