Вугоршчына прыняла новую Канстытуцыю. Праект асноўнага закону, падрыхтаваны правым урадам Віктара Орбана, быў прыняты ў парлямэнце без асаблівых праблем. За прыняцьцё Канстытуцыі прагаласавалі 262 дэпутаты правых сіл са складу 386 чальцоў парлямэнту. Левыя партыі працы над новым праектам байкатавалі й не прынялі ўдзел у галасаваньні.
Паводле новай Канстытуцыі, мяняецца назва дзяржавы з “Вугорская Рэспубліка” на “Вугоршчына”. Канстытуцыя пачынаецца першымі словамі гімну “Божа, збаў вугорцаў і надзялі іх сваёй міласэрнасьцю”. У прэамбуле гаворыцца пра хрысьціянскія карані краіны, нагадваючы пра сымбалічную ролю кароны сьвятога Сьцяпана, якой былі каранаваныя 55 манархаў і якая стала сымбалем вугорскай нацыянальнай тоеснасьці. У Канстытуцыі таксама ёсьць словы пра абарону зачатага жыцьця й аб сямейнай пары як саюзе мужчыны й жанчыны. Канстытуцыя таксама надзяляе прэзыдэнта большымі паўнамоцнтвамі. Лідар краіны зможа распусьціць парлямэнт і аб’явіць аб правядзеньні новых выбараў у выпадку непрыняцьця ўрадам бюджэта да красавіка кожнага году. Канстытуцыя таксама абмяжоўвае кампэтэнцыі Канстытуцыйнага суду.
Правая кааліцыя абгрунтоўвала прыняцьцё новай Канстытуцыі тым, што старая была прынятая ў 1949 годзе й зьяўляецца адзіным асноўным законам у Эўрапейскім Зьвязе, напісаным у камуністычныя часы. Апазыцыя ў вострых словах крытыкуе Канстытуцыю, зазначаючы, што яна вяртае Вугоршчыну ў 18-е стагодзьдзе. Левыя заявілі, што ў выпадку перамогі на выбарах памяняюць Канстытуцыю ды вернуць назву краіне “Вугорская Рэспубліка”.
Прэзыдэнт Вугоршчыны Пал Шміт заявіў, што падпіша Канстытуцыю, і тады асноўны закон увойдзе ў жыцьцё 1 студзеня 2012 году.
вс