UEFA пачала лёсаваньне квіткоў на чэмпіянат Эўропы па футболе Euro 2012.
Лёсаваньне прадоўжыцца да 22 красавіка й будзе адбывацца пад даглядам натарыюса. Самы танны квіток каштуе 30 эўра, самы дарагі на фінальны матч у Кіеве - 600 эўра.
Агулам будзе разлёсаван 41% квіткоў, а гэта 550 тысяч з агульнай лічбы 1,4 мільёна месцаў на стадыёнах. Рэшта квіткоў будзе распаўсюджана сярод нацыянальных футбольных фэдэрацыяў й сярод спонсараў.
Падача заявак на квіткі адбывалася ад 1 па 31 сакавіка ў сеціве. Жадаючых убачыць матчы з трыбунаў стадыёнаў зарэгістравана рэкордная колькасьць - больш за 12 мільёнаў асобаў. Арганізатары атрымалі заяўкі з 206 краінаў сьвету. Шчасьліўцы, чые заяўкі будуць вылёсаваныя, атрымаюць інфармацыю пра магчымасьць пакупкі квітка да канца месяца па электроннай пошце.
кр