• Краіны Балтыі плянуюць аб’явіць байкот расейскім і будучай беларускай АЭС
  • 21.04.2011

Краіны Балтыі плянуюць аб’явіць байкот расейскім і будучай беларускай АЭС. У бліжэйшы час Летува супольна з Эстоніяй ды Латвіяй маюць намер падрыхтаваць прававыя акты, якія паставяць заслону гандлю энэргіяй, якая вырабляецца на АЭС, што не адпавядаюць міжнародным стандартам бясьпекі. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Летувы Андрус Кубілюс.
Паводле Кубілюса, гэтае пытаньне разглядалася на міжнароднай канфэрэнцыі ў Кіеве, прысьвечанай 25-годзьдзю чарнобыльскай трагедыі. Прэм’ер-міністар Летувы падкрэсьліў, што Эўропа вельмі заклапочаная пытаньнямі бясьпекі атамнай энэргетыкі й мае намер рашуча павялічыць патрабаваньні да АЭС. У сваю чаргу Летува выступае за тое, каб тэсты на бясьпеку прымяняліся да станцый ня толькі ў Эўразьвязе, але і ў суседніх краінах.
Афіцыйны Менск плянуе, што Беларуская АЭС, будаўніцтва якой пачалося ў Астраўцы, будзе вырабляць энэргію ня толькі на ўнутраных рынак, але й на экспарт, у тым ліку ў краіны Балтыі. Аднак заява Андруса Кубілюся можа азначаць, што Беларусь ня зможа прадаць электраэнэргію са сваёй АЭС у Летуву, Латвію ды Эстонію.

вс