• Велікодныя традыцыі й звычаі ў розных рэгіёнах Польшчы- Вялікая нядзеля
  • 24.04.2011

Доўгачаканая нядзеля пачынаецца ўрачыстай Рэзурэкцыйнай імшой у касьцёле, а пасьля было сьвяткаваньне.

Спадарыня Ёля: Рана езьдзілі ў касьцёл, вярталіся вярхом альбо на фурманках, і былі гонкі, хто першы даедзе дадому. Гаспадар, які першы даедзе, будзе мець лепшыя плёны. Яшчэ перад велікодным сьнеданьнем было какао й пірог, пасьля была малітва й асьвечаныя стравы, віншаваньні. Вечарам хадзілі па вёсцы «па выкупе» - ад хаты да хаты.  Сьпявалі прыпеўкі й за гэта людзі давалі яйкі, грошы, а дзецям цукеркі.

Марцін: На Вялікдзень гаспадар бярэ асьвечаную ваду й ідзе асьвячаць сваё поле. Вясна, усё прабуджаецца да жыцьця. Поле пачынае прыносіць плёны. Каб гэтыя плёны былі вялікія, дзядуля пасьля рэзурэкцыі ішоў на поле й асьвячаў зямлю.

Звычаі звычаямі, стравы стравамі, а дзеці маюць сваю сьвяточную радасьць.

Бася: Бацькі хавалі зайца. Купілі такі спэцяльны заплечнік у выглядзе зайчыка й гэтага зайчыка да верху напаўнялі рознымі цукеркамі й салодкім ды хавалі ў нашым двары. А мы шукалі вялікоднага зайчыка.

Зь Вялікаднем зьявана шмат гульняў і забаваў. На Падляшшы гэта катаньне яек, але ня толькі. Распавядае Ўладзіслаў з Гайнаўкі.

Уладзіслаў: Цікавая традыцыя, якую я памятаю, гэта выбіваньне яек. Адразу пасьля сьвяточнага сьнеданьня мы з братамі бралі асьвечаныя яйкі й выбівалі. Трэба было  ўзяць яйка й стукаць у яйка брата. Зразумела, перамагаў той, у каго засталася цэлая шкарлупінка. Калі мы былі маленькія, то гулялі яшчэ ў іншую забаву - катаньне яек з горкі. Каля нашай хаты ёсць такі невялікі ўзгорак, можна сказаць, горка, і пасьля сьнеданьня мы хадзілі туды катаць яйкі. Цяпер неяк ня бачна, каб малодшыя такім чынам бавіліся.

кр