Украіна абураная абразьлівымі выказваньнямі Аляксандра Лукашэнкі, накіраванымі на адрас ўладаў у Кіеве й старшыні Эўрапейскай камісіі Жазэ Мануэля Барозу.
Адмысловую заяву па гэтай справе апублікавала ўкраінскае МЗС.
„Асабістыя абразы непрымальныя ў адносінах паміж людзьмі, асабліва яны недапушчальныя, калі абразьлівыя выказваньні накіраваны ў адрас дзяржаўных дзеячаў, якія прадстаўляюць сувэрэнныя краіны ды цэлыя аб’яднаньні краінаў. На жаль, падыход афіцыйнага Менску да адносінаў з Эўрапейскім Зьвязам, шмат якімі іншымі ўдзельнікамі міжнароднай супольнасьці ў апошнія месяцы ўсё менш адпавядаюць нормам міжнароднага права” — чытаем у заяве ўкраінскага Міністэрства замежных справаў.
Нагадаем, падчас паездкі па Гомельшчыне Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Кіеў пачаў танчыць пад дудку Брусэлю ў адносінах зь Беларусьсю. „На жаль, вашывасьці хапае ў цяперашняга кіраўніцтва Ўкраіны”, сказаў Лукашэнка.
Апрача таго, ён назваў „нягоднікамі” тых, хто намагаецца ўвесьці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі: „Проста нягоднікі. Таму не хачу гаварыць аб усялякіх Барозу, іншых казлах, быках і таму падобных”, зазначыў Лукашэнка.
аз