Польшча перадасьць Лібіі 1,5 млн. злотых гуманітарнай дапамогі. Адпаведнае распараджэньне падпісаў сёньня прэм’ер-міністар Дональд Туск.
Урад Польшчы паабяцаў дапамогу гэтай паўночнаафрыканскай краіне яшчэ ў палове сакавіка, падчас парыскага саміту, прысьвечанага сытуацыі ў Лібіі. У сваю чаргу МЗС Польшчы выказала гатоўнасьць накіраваць у Лібію групу экспэртаў, якія маглі б дапамагчы стабілізаваць сытуацыю ў краіне пасьля завяршэньня грамадзянскай вайны.
Міжнародная гуманітарная дапамога трапляе пераважна ў Бэнгазі, а неабходнасьць у ёй акурат найбольш адчуваюць жыхары Місраты. Горад амаль два месяцы знаходзіцца ў пастаянным стане сутыкненьняў.
Апрача лібійцаў у самой краіне дапамогі патрабуюць сёньня і ўцекачы, якія аселі ў Тунісе й Эгіпце. Менавіта туды трапляе пераважная частка дапамогі ААН.
дг