Міжнародная правабарончая арганізацыя Amnesty International лічыць, што ў працоўных лягерах у Паўночнай Карэі знаходзіцца 200 тыс. чалавек. Арганізацыя апублікавала дакумэнт на падставе спадарожнікавых здымкаў ды размоваў з былымі вязьнямі лягераў.
Паводле былых вязьняў, яны працавалі ў амаль рабскіх умовах. Людзі жывуць у памяшканьні бараку плошчай 50 квадратных мэтраў па 30-40 чалавек. Рабочы дзень пачынаецца пасьля 4 гадзіны раніцы, людзі працуюць з кароткімі перапынкамі да 20.00 гадзіны. Харчаваньне – гэта перш за ўсё прэсная кукурузная каша. Пасьля вячэры – абавязковая гадзіна камуністычнай ідэалёгіі. Калі чалавек правініўся, яго зачыняюць у квадратным памяшканьні, якое настолькі малое, што нельга ані легчы, ані стаць у поўны рост. У параўнаньні з 2001 годам тэрыторыі працоўных лягераў, якія насамрэч зьяўляюцца канцэнтрацыйнымі, павялічыліся – пра гэта сьведчаць здымкі са спадарожніка. Улады ў Пхэньяне катэгарычна пярэчаць, што на тэрыторыі КНДР ёсьць працоўныя лягеры.
вс