• Польскія творцы будуць шукаць спонсараў у сеціве
  • 05.05.2011

Ад графікі, жывапісу, фатаграфіі, тэатру па дызайн, моду, комікс і кампутарныя гульні – на адчыненым сёньня партале projektstarter.org спонсараў для сваёй творчасьці могуць шукаць мастакі розных галінаў культуры.

Дзякуючы сеціву арэатрыўныя асобы змогуць шукаць сярод інтэрнэт-карыстальнікаў спонсараў сваёй творчасьці. Кожны ахвотны, якому спадабаецца прадстаўленая на сайце ідэя, зможа пераказаць аўтару любую суму грошай.

Гэта першы падобны праект у Польшчы. Да 20 траўня адбываецца набор працаў ад мастакоў, якія шукаюць спонсараў. Умовай публікацыі працы на партале будзе сымбалічная ўзнагарода для спонсара: паштоўка альбо ўзгадка ў тытрах фільму.

У ЗША падобны сайт знайшоў каля 3 млн. творцаў, а ахвяраваньні аматараў мастацтва склалі больш за 10 млн. даляраў. Пасьля першых ахвяраваньняў на польскі партал арганізатары заявілі, што сваёй ідэяй яны “трапілі ў дзясятку”.