Сотні рабочых штурмуюць з самай раніцы будынак прадпрыемства KGHM у Любіне. Гэта адна з найбуйнейшых у сьвеце кампаній па вытворчасьці медзі й серабра. Удзельнікі дэманстрацыі патрабуюць павышэньня заробку на 300 зл. (100 даляраў).
Прафсаюзныя лідары, якія арганізавалі пратэст, кажуць, што ўзровень заробкаў на прадпрыемстве парушае польскае заканадаўства.
Удзельнікі дэманстрацыі скандуюць: “злачынцы” і “дай тры сотні й не падманвай”. Яны паспрабавалі выламаць дзьверы ў сядзібу кампаніі, а таксама закідалі ахоўнікаў банкамі з-пад піва. Прадстаўнікі фірмы, якія выйшлі на перамовы з рабочымі, былі вымушаныя ўцякаць.
Старшыня KGHM Гэрбэрт Вірс напісаў у заяве да рабочых, што іх заробак павялічыцца сёлета на 100 даляраў і ўпершыню ў гісторыі перакрочыць 3 тыс. даляраў. Ён таксама нагадаў, што за апошнія 10 гадоў заробак на фірме вырас на 106%, а з улікам інфляцыі зарплата павялічылася на 75%.
дг