Першая нітка Паўночнага газаправода спалучыла расейскі Выбарг зь нямецкім Грайсфвальдам. Прапампоўка блакітнага паліва па новай трубе пачнецца ўжо ў ліпені, але рэгулярныя пастаўкі пачнуцца толькі ў кастрычніку. Паводле інфармацыі прэс-службы расейскага ўраду, першай ніткай газаправода штогод будзе пастаўляцца 27,5 мільярда кубамэтраў паліва. Калі ў 2012 годзе завершыцца будова другой ніткі, Расея зможа пастаўляць ў Заходнюю Эўропу ў абыход Беларусі й Польшчы 55 мільярдаў кубамэтраў энэргасыравіны ў год. Газаправод праходзіць праз тэрытарыяльныя воды й выключныя эканамічныя зоны Расеі, Фінляндыі, Швэцыі, Даніі й Нямеччыны.
Польсксія экспэрты заяўляюць, што гэтая нітка канчаткова заблякавала магчымасьць разбудовы порту ў Сьвінавуйсьці. Труба пракладзена на глыбіні 17,5 мэтраў пад паверхняй вады й пакуль што не перашкаджае суднам з асадкай 13,5 мэтра. Аднак расейска- нямецкая інвэстыцыя заблякавала разбудову польскага порту, у якім плянавалася прымаць судны з большай асадкай. Нягледзячы на тое, што ў Гамбургу разглядаецца судовая позва польскага боку, зьмяніць трасу газаправода й паглыбіць шлях для суднаў ў ваколіцах Сьвінавуйсьця практычна немагчыма.
kp