Зялёны колер на сьцягу Беларусі сымбалізуе пакуты Хрыста, - перадаў Першы канал БТ
У апошнім выпуску перадачы „ У цэнтры ўвагі" Андрэй Крывашэеў патлумачыў значэньне беларускіх нацыянальных сымбаляў. Гаворыць аглядальнік Уладзімер Падгол.
У. Падгол: Ён кажа, што чырвоны колер азначае кроў, пралітую за свабоду. Зялёны колер гэта колер пакутаў Хрыста. На версе герба Беларусі знаходзіцца клясычная камуністычная зорка, сёньня яна азначае ўкрыжаваньне Хрыста.
Паводле Ўладзіміра Падгола, дзяржаўныя ідэолагі імкнуліся такім чынам абгрунтаваць неабходнасьць сымболікі савецкага часу й яе глыбінны сэнс.
У. Падгол: Зыходзячы з гэтай сымболікі, уся Беларусь пачыналася б пасьля Вялікай Айчыннай вайны. І не маючы аргумэнтаў, каб людзям сказаць: „у вас гістарычная сымболіка, старажытная дзяржава” ідэолагі робяць такія акрабатычныя фігуры, спрабуючы ісламскія колеры хрыстыянізаваць.
Было таксама заяўлена, што арнамент на дзяржаўным сьцягу Беларусі налічвае 6 тысяч гадоў. Паводле Крывашэева на ім павёрнута саха, зямля й сонца.
яс