• “Салідарнасьць” рыхтуецца да масавых акцыяў пратэсту
  • 10.05.2011

Лідары 43 рэгіёнаў прафсаюзу “Салідарнасьць” сустрэліся ў Лодзі, каб абмеркаваць агульнапольскую акцыю пратэсту, якая павінна адбыцца 25 траўня. Кіраўніцтва прафсаюзу незадаволенае, што ўрад працуе над бюджэтам бязь яго прадстаўнікоў. 

25 траўня “Салідарнасьць” плянуе пікеты й дэманстрацыі ва ўсіх 16-ці ваяводзкіх гарадах. “Калі ўрад не адумаецца й не прыме пад увагу нашых прапановаў, то зладзім вялікую акцыю ў Варшаве”, – абяцаюць лідары прафсаюзу.

Паводле лідараў “Салідарнасьці”, яны некалькі разоў зьвярталіся да ўраду з просьбай супольна абмеркаваць бюджэт, але адказу на запыт не было.

“Салідарнасьць” дамагаецца павелічэньня да 1 700 злотых мінімальнага заробку, часовага зьмяншэньня акцызу на паліва, павелічэньня сродкаў на актывізацыю беспрацоўных і сацыяльную дапамогу.

Прафсаюз распрацаваў законапрект аб павелічэньні мінімальнага заробку. Неўзабаве ў краіне распачнецца збор подпісаў для перадачы дакумэнту ў Сэйм.

Калі ўлады не адгукнуцца на прапановы “Салідарнасьці”, лідары прафсаюзу зьбіраюцца правесьці 30 чэрвеня вялікую акцыю пратэсту ў сталіцы.

дг