• Помнік Коласу й Купале ў Варшаве створаць бацька й сын Гумілеўскія
  • 11.05.2011

Народны мастак Беларусі Леў Гумілеўскі і яго сын Сяргей Гумілеўскі сталі пераможцамі конкурсу на стварэньне праекта помніка народным паэтам Беларусі Янку Купалу і Якубу Коласу ў Варшаве, паведамляе БелаПан.

На конкурс, які з кастрычніка мінулага года праводзілі Мінкультуры, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў і Беларускі саюз мастакоў, было пададзена 20 эскізных праектаў. Пераможцам конкурсу была названа работа Льва й Сяргея Гумілеўскіх "Набат".

Аўтары праекта кампазыцыі з бронзы й граніту вышынёй прыблізна чатыры мэтры паказалі маладых Купалу й Коласа, якія б'юць у звон. Найбліжэйшым часам скульптары маюць намер наведаць Варшаву, каб разам зь беларускімі й польскімі архітэктарамі ўдакладніць пытаньні ўзьвядзеньня манумэнта.

Помнік плянуецца ўстанавіць у варшаўскім парку "Марское вока".

дг