Гаспадарчы суд Менска 10 траўня прыняў рашэньне высяліць Партыю БНФ са сталічнага офіса па праспэкце Машэрава, 8. Гэта памяшканьне арандавалася БНФ з 1992 года.
Зь іскам аб высяленьні структур Партыі БНФ выступіла ЖРЭА Савецкага раёна Менска. У судзе яго прадстаўнік растлумачыла нежаданьне прадаўжаць арэнду офіса неабходнасьцю яго далейшага выкарыстаньня "для ўласных патрэб".
Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў паведаміў БелаПАН пра намер абскардзіць рашэньне гаспадарчага суда. Паводле яго меркаваньня, верагоднасьць страты офіса вельмі вялікая. "Мы прапрацоўваем розныя варыянты выхаду з сытуацыі, аднак цяпер усё ж сканцэнтраваныя на магчымасьці абараніць права на арэнду офіса ў судовым парадку", - сказаў Кастусёў.
Тэрмін арэнды памяшканьня па праспэкце Машэрава, 8, у якім знаходзяцца офісы Партыі БНФ, завяршыўся 31 сакавіка.
дг