• Старшыня ЭЗ выступае супраць правядзеньня ў Беларусі чэмпіянату сьвету па хакеі
  • 11.05.2011

Паводзіны беларускага рэжыму адназначна пазбаўляюць яго прывілею арганізаваньня настолькі важнага спартыўнага мерапрыемства, якім у 2014 годзе будзе Чэмпіянат сьвету па хакеі, - заявіў старшыня Эўрапейскага парлямэнту Ежы Бузэк.

Ён удакладніў, што разам зь іншымі прадстаўнікамі Эўрапарлямэнту напісаў ліст прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі хакея з патрабаваньнем прыпыніць прызнаньне Беларусі права на арганізацыю чэмпіянату, пакуль рэжым Аляксандра Лукашэнкі ня вызваліць усіх палітычных вязьняў.

Падпісанты закліку падкрэсліваюць, што ўжо амаль два дзесяцігодзьдзі Аляксандар Лукашэнка праводзіць жорсткую й недэмакратычную палітыку. „Эўразьвяз і ЗША жорстка асудзілі дзеяньні Лукашэнкі. Ягоны рэжым арыштаваў сотні мірных дэманстрантаў, у тым ліку лідараў апазыцыі, журналістаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці(…) У такіх умовах, чэмпіянат 2014 году ня можа быць арганізаваны ў Беларусі”, - напісалі падпісанты закліку, накіраванага да Міжнароднай фэдэрацыі хакея.

У сераду ў Стразбурзе прайшлі дэбаты на тэму зьнешняй палітыкі ЭЗ, падчас якіх вярхоўны прадстаўнік па замежных пытаньнях Эўразьвязу Кэтрын Эштан падкрэсьліла, што адзіны выбар, які Лукашэнка пакінуў Эўразьвязу, гэта „санкцыі й падтрымка грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі”.

аз