Амбасадар Расеі ў Польшчы Аляксандар Аляксееў адмаўляецца камэнтаваць скандал вакол шыльды ў Штшалкове. У гэтай мясцовасьці, што ў Вялікапольшчы, падчас Першай сусьветнай вайны немцы пабудавалі лягер для ваеннапалонных, куды пазьней траплялі ваеннапалонныя чырвонаармейцы з часоў польска- бальшавіцкай вайны. На вайсковых могілках пахаваныя 8 тысяч савецкіх жаўнераў, якія памерлі ў лягеры ад тыфу ў 20-я гады.
Уноч зь нядзелі на панядзелак на помніку, усталяваным у Штшалкове з нагоды 90-х угодкаў перамогі ў вайне з бальшавікамі, зьявілася шыльда з напісам на расейскай мове, што „ў гэтым месцы пахаваныя 8 тысяч савецкіх жаўнераў, жорстка замучаных ў польскіх лягерах сьмерці ў 1919- 1921 гадох”. Інфармацыя пра шыльду даволі хутка зьявілася ў расейскіх СМІ. У прыватнасьці тэлеканал НТВ паведаміў, што шыльду ўсталявалі невядомыя расейскія патрыёты. У панядзелак раніцай па рашэньні вялікапольскага ваяводы шыльду зьнялі.
Расейскі амбасадар адмовіўся камэнтаваць справу.
Аляксандар Аляксееў: Нашыя калегі ўжо тлумачылі, што амбасада ня была інфармаваная пра гэта. І гэтага дастаткова.
Польскі бок лічыць інцыдэнт з шыльдай выразнай правакацыяй, тлумачачы, што хтосьці выразна жадае пагаршэньня польска- расейскіх адносінаў. Што цікава, шыльда зьявілася не на могілках ці на месцы былога лягера, а на мецы, дзе праходзіць гістарычная мяжа паміж Польшчай і Прусіяй.
kp