• Палітык польскага паходжаньня возьме ўздзел у выбарах прэзыдэнта ЗША
  • 23.05.2011

Амэрыканец польскага паходжаньня Цім Паўленты мае намер прыняць удзел у выбарах прэзыдэнта ЗША. У яго немалыя шанцы быць вылучаным на выбарах 2012 году ад Рэспубліканскай партыі.

Паўленты - былы губэрнатар штату Мінэсота. Чакаецца, што сёньня, падчас візыту ў штаце Аёва, ён афіцыйна абвесьціць пра ўдзел у выбарчай гонцы. Аднак ужо ўчора яго бліжэйшыя паплечнікі атрымалі па электроннай пошце спасылку на рэклямны ролік палітыка.

У 2-хвілінным відэа Паўленты кідае выклік Бараку Абаму. Ён сьцьвярджае, што цяперашні прэзыдэнт не выконвае перадвыбарчых абяцаньняў, а займаецца толькі сваімі выступленьнямі ў той час, калі краіна ідзе ў дрэнным накірунку.

Цім Паўленты – гэта сын польскага імігранта й амэрыканкі нямецкага паходжаньня. Ён быў выхаваны паводле каталіцкай традыцыі, але пасьля знаёмства з жонкай перайшоў на англіканцтва. Яго кандыдатара разглядалася ў якасьці суперніка дэмэкратам яшчэ ў 2008 годзе. Але тады ён прайграў правыбары Джону Макейну.

дг