У Ісьляндыі працягваецца вывяржэньне вулькана Грымсвотн. За апошнія суткі вышыня выкідаў попелу зьнізілася з 20 да 10-11 км, аднак хмара попелу сыходзіць у бок кантынэнтальнай Эўропы. Чакаецца, што ўвечары воблака попелу дасягне поўначы Нарвэгіі, а на працягу тыдня - Вялікабрытаніі, Францыі й Гішпаніі.
Паводле мэтэабюро Ісьляндыі, спэцыялісты пакуль ня могуць сказаць, ці будзе сіла вывяржэньня зьніжацца й далей. Асноўны ісьляндзкі міжнародны аэрапорт Кэфлявік зачынены другія суткі.
На трансатлянтычныя авіяперавозкі воблака попелу ад Грымсвотна пакуль не ўплывае, і сытуацыя ня зьменіцца як мінімум на працягу наступных сутак.
Грымсвотн, які разьмешчаны пад ледавіком Ватнаёкудль, вывяргаўся ў апошні раз у 2004 годзе. Цяперашняе вывяржэньне – самы моцны з усіх за апошні час.
дг