Выдзяленьне Беларусі крэдыту з Антыкрызыснага фонду ЭўрАзЭС зьяўляецца справай хуткай будучыні, заявіў журналістам амбасадар РФ у Беларусі Аляксандар Сурыкаў. Адказваючы на пытаньне аб пэрспэктывах выкарыстаньня крэдыту, амбасадар заўважыў: неабходна дамаўляцца, "каб не было праяданьня".
Кажучы аб сытуацыі ў эканоміцы Беларусі, Сурыкаў зазначыў, што спыненьне міжбанкаўскага валютнага рынку — "гэта дрэнна". "Яго трэба стымуляваць. Неабходны ў тым ліку валютныя інтэрвэнцыі, але іх няма", — канстатаваў Сурыкаў. Па словах дыплямата, сытуацыя на валютным рынку Беларусі "рассасецца" да канца чэрвеня.
Чакаецца, што ў суботу рада Антыкрызыснага фонду ЕўрАзЭС на паседжаньні ў Кіеве прыме рашэньне аб выдзяленьні Беларусі крэдыту. Па плянах, з агульнай сумы крэдыту ў 3 млрд. даляраў сёлета будзе выдзелена 1,24 млрд., у тым ліку першы транш складзе 800 млн. даляраў. Першы транш будзе адпраўлены цягам тыдня пасьля прыняцьця рашэньня Антыкрызысным фондам.
кр/БелаПАН