Катэдра беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта 31 траўня 2011 году ўзбагаціла свой кнігазбор на Дзікае паляваньне караля Стаха, выданае Фондам беларускай культуры з нагоды Году Караткевіча. Кніга выйшла на беларускай мове ды ў перакладах на расейскую, украінскую й ангельскую мовы. Кнігу падарылі Катэдры старшыня й намесьнік старшыні Фонда беларускай культуры Уладзімір Гілеп і Анатоль Бутэвіч.
Анатоль Бутэвіч – знакаміты перакладчык польскай літаратуры – перадаў Катэдры таксама збор апавяданьняў Станіслава Лема Непераможаны ды аповесьць Рышарда Курыльчыка Нязломны з Назарэта ў сваім перакладзе на беларускую мову, а таксама раман свайго аўтарства Каралева не здраджвала каралю - аповед пра прыгоды й каханьне 17-гадовай беларускай князёўны Соф'і Гальшанскай і 70-гадовага вялікага князя літоўскага й караля польскага Ягайлы.
Падчас уручаньня падарункаў Катэдры беларусістыкі прысутны быў амбасадар Рэспублікі Беларусь у Польшчы праф. Віктар Гайсёнак, які падзяліўся з прысутнымі студэнтамі й выкладчыкамі сваімі рэфлексіямі пра Ўладзіміра Караткевіча й перадаў Катэдры дакумэнтальны фільм пра гэтага знакамітага беларускага пісьменьніка пад загалоўкам Сьвет Караткевіча.
нб