Грэцкая паліцыя блякуе доступ дэманстрантаў да будынку парлямэнту ў Афінах. У Грэцыі працягваецца кругласутачны ўсеагульны страйк супраць урадавых плянаў бюджэтных ашчаднасьцяў.
Амаль 4 тысячы дэманстрантаў спрабавалі атачыць будынак парлямэнту, каб не ўпусьціць дэпутатаў на паседжаньне, падчас якога яны плянавалі абмеркаваць бюджэтныя скарачэньні. Паліцыя выкарыстала супраць удзельнікаў дэманстрацыі сьлёзацечны газ.
У выніку страйку ня дзейнічае гарадзкі транспарт, марскія порты, банкі, а ў шпіталях лекары выконваюць толькі неабходныя апэрацыі. Пакуль нармальна працуюць аэрапорты.
У краіне ўзьніклі чуткі пра магчымы роспуск ураду й вызначэньне датэрміновых парлямэнцкіх выбараў.
Скарачэньні бюджэтных выдаткаў - гэта адна з умоваў выдзяленьня Грэцыі крэдытаў з фондаў Эўразьвязу й МВФ. Грэцыя ўжо працяглы час змагаецца з эканамічным крызысам і знаходзіцца амаль на мяжы банкруцтва.
аз