• Летувіскія палякі - неляяльныя грамадзяне Летувы, амбасадарка
  • 20.06.2011

Амбасадарка Летувы ў Варшаве абвінавачвае летувіскіх палякаў у адсутнасьці ляяльнасьці ў дачыненьні да сваёй дзяржавы. „Летувісы, якія пражываюць у Польшчы, у адрозьненьні ад летувіскіх палякаў зьяўляюцца ляяльнымі грамадзянамі”, - заявіла амбасадар Лярэта Закарэвічэнэ ў інтэрвію агенцтву BNS.

Паводле летувіскай дыпляматкі, летувісы, якія жывуць у Польшчы, таксама змагаюцца з рознымі праблемамі, але яны не выступаюць супраць дзяржавы.  Паводле яе, палякі ў Летуве робяць уражаньне, што не зьяўляюцца жыхарамі Летувы.

„Ёсьць расейцы, беларусы, габрэі – усе яны больш летувіскія, чым летувіскія палякі,”- заявіла Лярэта Закарэвічэнэ.

Нагадваем, у суботу ў Вільні, Варшаве, Вашынгтоне ды Чыкага прайшлі акцыі пратэсту супраць дыскрымінацыі палякаў у Летуве.

Асобы польскага паходжаньня, якія пражываюць у Летуве многія гады, дамагаюцца, напрыклад, магчымасьці ўпісваць свае прозьвішчы ў дакумэнты паводле польскай транскрыпцыі. Акрамя таго, палякі патрабуюць, згодна з законам, дубляваць назвы вуліц на польскай мове ў мясцовасьцях, дзе кампактна пражывае польская дыяспара. У апошні час яны выступаюць таксама супраць правіл новага адукацыйнага закону, які паводле іх, пагражае польскай сярэдняй адукацыі ў Летуве.

аз