Суд у Тунісе асудзіў завочна былога прэзыдэнта краіны Бэн Алі й ягоную жонку Лэйлу да 35 гадоў турмы, а таксама да выплаты 91 мільёна дынараў (60 мільёнаў даляраў). Судзьдзі палічылі, што прэзыдэнцкая пара выкарыстала на ўласныя патрэбы дзяржаўныя сродкі ў выглядзе грошай і біжутэріі.
Судовы працэс доўжыўся ўсяго адзін дзень, падчас якога была разгледжана толькі частка абвінавачаньняў. Разглядам рэшты абвінавачаньняў суд зоймецца пазьней. Былы прэзыдэнт Тунісу абвінавачваецца, між іншым, у валоданьні зброяй і наркотыкамі, перавышэньні паўнамоцтваў, забойствах, гандлі мастацкімі творамі й адмываньні грошай.
Бэн Алі абвяргае абвінавачаньні. Былы дыктатар кіраваў краінай ад 1987 году. У студзені ён зьбег з краіны й разам зь сям’ёй знаходзіцца ў Саўдаўскай Арабіі. Туніс патрабуе выдачы былога дыктатара, аднак улады Саўдаўскай Арабіі пакуль што не разгледзелі заявы.
кр