Скандалам закончыўся візыт прадстаўнікоў слупскіх уладаў у Горадню. Польскія чыноўнікі плянавалі наведаць мясцовыя школы, але пры нагодзе сустрэліся з дзеячамі праўладнага Саюзу палякаў Беларусі.
Згаданую сустрэчу выкарыстала лукашэнкаўская прапаганда. Урадавыя СМІ пераконвалі, што Беларусь і Лукашэнка абсалютна не ізаляваныя, паколькі краіну наведваюць прадстаўнікі Эўразьвязу.
У мінулым годзе, нягледзячы на пратэсты былых апазыцыянэраў і часткі дзеячаў, улады балтыйскага Слупска заключылі пагадненьне аб партнэрскіх адносінах з Горадняй. Некалькімі месяцамі пазьней накіраваліся ў Горадню зь візытам. І вось, аказалася, што палякі сустрэліся ня толькі са школьнікамі, але таксама з праўладным СПБ. Апрача таго, яны абяцалі прыкласьці намаганьні, каб Польшча адмяніла візавыя абмежаваньні для прадстаўнікоў беларускага рэжыму.
Чалец польскай дэлегацыі Войцех Гаеўскі не выключае, што візыт прадстаўнікоў слупскіх уладаў магла выкарыстаць беларуская прапаганда.
Войцех Гаеўскі: Ніякіх абяцаньняў мы не давалі, ды і ўзровень нашай дэлегацыі ня быў прадстаўнічы. На маю думку, гэта падрабіла прапаганда, якая перакруціла мэту нашага візыту ў Горадні.
- заявіў Войцех Гаеўскі.
Паводле некаторых камэнтатараў, такога тлумачэньня хапіла б, калі б ня факт, што ў справаздачы зь візыту ў Беларусі яго ўдзельнікі нават словам не ўзгадалі пра кантакты з рэжымам Лукашэнкі.
Цяпер чальцы ўладаў Слупска, прадстаўнікі правай арыентацыі партыі „Права й справядлівасьць”, дамагаюцца сарваньня дамовы аб супрацы з Горадняй.
аз