• Польскі ўрад прыняў праект закону аб амністыі
  • 22.06.2011

Польскі ўрад прыняў праект закону аб амністыі для іншаземцаў, якія нелегальна пражываюць на тэрыторыі Польшчы.

Згодна з дакумэнтам, іншаземцы маглі б легалізаваць свой побыт на тэрыторыі Польшчы на два бліжэйшыя гады й працаўладкавацца безь ніякіх дадатковых дазволаў.

Кіраўнік упраўленьня па пытаньнях іншаземцаў Рафал Рагаля падкрэсьлівае, што новыя правілы ахопяць дзеяньнем іншаземцаў, якія жывуць у Польшчы пасьля далучэньня краіны да Шэнгенскай зоны. 

Рафал Рагаля: Мы хацелі б, каб амністыя ахапіла нелегалаў, якія пражываюць у Польшчы безьперапынна з 20 сьнежня 2007 году й якім да 1 студзеня 2010 году канчаткова адмовілі ў статусе ўцекача.

Пры гэтым кіраўнік упраўленьня па пытаньнях іншаземцаў лічыць, што многія нелегалы не скарыстаюцца амністыяй, бо пасьля двух гадоў і так не выканаюць крытэрыяў, неабходных для легалізацыі пражываньня ў Польшчы.

Гэта была б тэцяя цягам апошніх 20 гадоў амністыя для нелегалаў. Папярэднімі скарысталіся каля 5 тысячаў нелегалаў. Цяпер Упраўленьне па пытаньнях іншаземцаў спадзяецца, што законам аб амністыі скарыстаецца нават 10 тысяч іншаземцаў.

аз