• У Афінах адбываюцца масавыя пратэсты супраць ашчадных плянаў ураду
  • 29.06.2011

 У Афінах адбываюцца масавыя пратэсты супраць ашчадных плянаў ураду. Раніцай ў грэцкай сталіцы адбыліся сутыкненьні паміж прадстаўнікамі прафсаюзаў і паліцыяй, якая выкарыстала сьлёзацечны газ. Правахаоўныя ворганы загарадзілі шлях групе ў складзе каля 400 дэманстрантаў, якія накіроўваліся пад будынак парлямэнту. Учора ў Грэцыі пачаўся 48-гадзінны генэральны страйк.

Панас Тэадарыдзіс з прафсаюзнай суполкі „300 грэкаў” сказаў карэспандэнту Польскага радыё, што грамадзтва ня хоча ашчаджаць.

Панас Тэадарыдзіс: Мы знаходзімся тут ад 22 траўня й патрабуем рэфэрэндуму, каб зьмяніць сытуацыю ў нашай краіне. Мы хочам сказаць „не” ўрадаваму пляну па продажу нашай краіны, якога патрабуе Міжнародны валютны фонд і іншыя структуры.

У грэцкім парлямэнце пачалося галасаваньне над прыняцьцём жорсткага бюджэтнага пляну, які мае прынесьці 28 мільярдаў эўра ашчаднасьцяў і 50 мільярдаў з прыватызацыі. Гэта ўмова выплаты Афінам 5-га траншу крэдыту ў памеры 12 мільярдаў эўра. Калі гэтыя сродкі не паступяць у Грэцыю, краіне пагражае банкруцтва.

Супраць ашчадных плянаў ураду выказваецца 2/3 грэкаў.


кр