• Стынг адклікаў свой канцэрт у Астане
  • 04.07.2011

Стынг адклікаў свой канцэрт у сталіцы Казахстану – Астане. Прычынай стала парушэньне правоў чалавека – паведамляе брытанская поп-зорка на сваім сайце. Гаворка ідзе пра стаўленьне дзяржаўных уладаў да працаўнікоў нафта- газавай галіны.

Стынг напісаў, што такое рашэньне прыняў пасьля атрыманьня інфармацыі ад Amnesty International.

„Галадоўкі, арышты працаўнікоў і дзясяткі тысяч забастоўшчыкаў вызначылі пэўную лінію пратэсту, перакрачаць якой ня маю намеру”,- напісаў музыка.

Працаўнікі нафта-газавай галіны страйкуюць ад траўня ў рэгіёне Мангістаў на ўзьбярэжжы Касьпійскага мора. Патрабуючы вышэйшых заробкаў, яны пікетуюць ворганы мясцовай адміністрацыі й блякуюць дарогі. Паліцыя рэагуе затрыманьнямі, а частку пратэстуючых звольнілі з працы.

 Брытанскі музыка павінен быў выступіць у Астане ў суправаджэньні сымфанічнага аркестра як з творамі з часоў гурта The Police, так і з сольнай творачасьцю. Цана самых дарагіх квіткоў сягала нават 700 даляраў. Казахскія арганізатары паведамілі, што канцэрт не адбудзецца па арганізацыйных і тэхнічных прычынах.

кр