• Д. Лідынгтон: Вялікабрытанія змагаецца за выкананьне правоў чалавека ў Беларусі
  • 04.07.2011

"Вялікабрытанія будзе па-ранейшаму знаходзіцца на пярэднім краі барацьбы міжнароднай супольнасці за выкананьне правоў чалавека й дэмакратыю ў Беларусі", — заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі арганізацыі Index on Censorship брытанскі міністар па справах Эўропы Дэвід Лідынгтон.

Брытанскі міністар падкрэсьліў, што Вялікабрытанія сумесна з партнэрамі ў ЭЗ дамаглася посьпеху ў прыняцьці жорсткіх санкцый у дачыненьні да кіруючага рэжыму, а таксама спрыяла таму, што Беларусь зноў апынулася ў цэнтры ўвагі Рады па правох чалавека ААН.

 Міжнародная супольнасьць павінна дапамагчы беларусам абараніць іх правы на свабоднае выказваньне сваёй думкі бязь боязі зьведаць рэпрэсіі, перакананы Лідынгтон.

Ён выказаў "глыбокую занепакоенасьць" тым, што некалькі палітычных зьняволеных ня маюць доступу да неабходнай мэдычнай дапамогі, у тым ліку Дзьмітры Бандарэнка, Дзьмітры Буланаў і Андрэй Саньнікаў. У сувязі з гэтым Лідынгтон заклікаў Беларусь да выкананьня абавязальніцтваў, прынятых ёю ў межах Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама Збору прынцыпаў абароны ўсіх асоб, якія падвяргаюцца затрыманьню ці зняволеньню ў любой форме, прынятага Генэральнай Асамблеяй ААН у 1988 годзе.

кр/БелаПАН