Эўрапейскі суд па правах чалавека задаволіў іск галоўнага рэдактара выданьня „Gazeta Kościańska”.
Ежы Візэрканюк падаў скаргу на польскі закон аб аўтарызацыі выказваньня.
Суд загадаў выплаціць журналісту 4 тысячы эўра кампэнсацыі й столькі ж на вяртаньне судовых аплат.
Судзьдзі прынялі аргумэнты журналіста, якога польскія суды прызналі вінаватым у публікацыі размовы з дэпутатам Тадэвушам Мылерам. Інтэрвію было абрэзана й перададзена для аўтарызацыі. Дэпутат ня даў дазволу на публікацыю тэксту. Рэдактар вырашыў надрукаваць поўны тэкст, у выніку чаго дэпутат падаў справу ў суд. Журналіст павінен быў заплаціць 1 тысячу злотых (прыкладна 250 эўра) на грамадзкія мэты. Акруговы суд сьцьвердзіў, што пададзеная журналістам апэляцыя ня мае абгрунтаваньня.
Тым часам Эўрапейскі суд па правах чалавека сьцьвердзіў, што Польшча парушыла свабоду слова журналіста й тым самым артыкул 10 Эўрапейскай канвэнцыі. Судзьдзі вырашылі, што пункт закону аб друку, у якім гаворацца аб аўтарызацыі, пярэчыць стандартам дэмакратычнай дзяржавы й дае неабмежаваныя магчымасьці суразмоўцы, які, не згаджаючыся з аўтарызацыяй, можа адмовіцца ад публікацыі.
Акрамя таго, польскі закон аб друку прыняты ў часы аўтарытарнай дзяржавы ў 1984 годзе.
Такім чынам, прысуд Эўрапейскага суда па правах чалавека можа прычыніцца да таго, што пункт аб аўтарызацыі стане мёртвым.
яс