• Аблавы й затрыманьні
  • 06.07.2011

Чарговыя "акцыі маўчаньня" ў розных гарадах Беларусі скончыліся затрыманьнямі. Новы фармат акцыі прадугледжваў збор людзей па месцы іх пражываньня, у розных частках гораду. Меркавалася, што такая схема перашкодзіць міліцыянтам затрымлімваць удзельнікаў "маўклівых пратэстаў". Аднак затрыманьні адбываліся нават у спальных раёнах Менску і ў раённых цэнтрах.

Задоўга да пачатку акцыі была заблякаваная Кастрычніцкая плошча. Міліцыянты й "ціхары" патрабавалі ад людзей пакінуць цэнтар гораду. Невядомыя здымалі мінакоў на відэакамэру. Аналягічная сытуацыя была й каля Палацу спорту. Як толькі людзі групаваліся ў суполкі па некалькі чалавек, невядомыя ў цывільным хапалі іх альбо праганялі. Найбольш актыўных цягнулі да аўтазакаў. На дадзены момант, па розных падліках, затрыманыя больш за сотню чалавек у Менску.

У розных кропках сталіцы зьбіралася ад некалькіх дзясяткаў да 500 чалавек. У раённых цэнтрах зьбіаралася да сотні чалавек. Найбольш гэтым разам было ў Берасьці - каля 300 чалавек. Падчас спробы затрыманьня там адбыліся нават сутычкі зь міліцыяй. Там таксама не адбылося без затрыманьняў.

У Бабруйску затрымана больш за 20 чалавек, у Баранавічах - 6, каля 20 у Маладэчне, у Глыбокім - 4, у Магілёве 8. Падчас затрыманьняў у Горадні міліцыянты цягнулі жанчын да аўтазакаў за валасы.

Традыцыйна, аднымі зь першых пачалі затрымліваць журналістаў. На 20.45 вядома, што затрыманы карэспандэнт "Нашай Нівы" Ягор Марціновіч, фотажурналіст Андрэй Матолька, Андрэй Ялісееў з "Эўрарадыё", намесьнік галоўнага рэдактара "Еженедельника" Аляксандар Александровіч, Алег Грузьдзіловіч з Радыё Свабода. Агенцтва Інтэрфакс паведамляе пра затрыманьне свайго карэспандэнта. На некалькі хвілінаў была затрыманая здымачная група НТВ.

дг