Каля 20 лекараў-спэцыялістаў, студэнтай мэдыцыны й валянтэраў Польскай мэдычнай місіі выехалі на Ўкраіну і ў Малдову.
Цягам двух тыдняў яны наведаюць мясцовасьці ад Львова па Адрэсу, а вяртацца будуць праз Жытомір, Віньніцу й Роўна.
Кіраўніком мэдычнай місіі зьяўляецца вядомы хірург, прафэсар Марыюш Фронтчак. У склад місіі ўваходзяць пэдыятр, кардыёляг, артапэд, пульманоляг і яшчэ некалькі спэцыялістаў. На месцы можна будзе выканаць шэраг лябараторных аналізаў і ўльтрасанаграфічныя дасьледаваньні ў спэцыяльным аўтамабілі, прыстасаваным для працы мэдычнай экспэдыцыі.
Восеньню рыхтуецца чарговая мэдычная экспэдыцыя. На гэты раз польскія лекары накіруюцца ў Грузію, Армэнію й Азэрбайджан.
кр